Будучыня Беларусі – гэта мы, маладое пакаленне, якое паважае традыцыі і абрады сваіх продкаў, адраджае беларускую культуру. Мая родная вёска Лучын здаўна славілася сваімі спевакамі, народнымі умельцамі. Пяць гадоў таму стала рэальнасцю задумка: стварыць фальклорны дзіцячы гурток «Вытокі». Наш фальклорны гурток з’яўляецца для мяне і маіх сяброў вытокам маральнасці. З ранняга ўзросту мы пачалі спазнаваць родную культуру, свае вытокі і адчуваць гонар за сваю радзіму.
У кожнага я бачу змены. Пасля наведванняў гуртка мы сталі больш згуртаванымі, працавітымі, дружнымі. Вядома ж, гэта заслуга нашага кіраўніка –Людмілы Іванаўны Клімковай. Толькі яе запал і любоў да роднай культуры даюць штуршок для існавання гуртка. Яна натхніла нас ідэяй на зберажэнне жывых традыцый беларускай культуры роднай вёскі. Яна ўвесь час кажа: « Я шчыра ганаруся сваімі выхаванцамі за іх вялікую любоў да ўсяго роднага, якая не абмяжоўваецца песеннай народнай творчасцю». І сапраўды. Мы не толькі спяваем, паказваем абрады, а яшчэ і збіраем этнаграфічны матэрыал, якім багаты Лучын. І гэта работа настолькі захапіла нас, што мы думаем у будучым паказаць шырокаму кругу гледачоў традыцыйныя фальклорныя абрады, некалі існаваўшыя ў нашай вёсцы, інфармацыю пра забытыя звычаі вяскоўцаў.
Вось так і нараджаюцца новыя праекты. На шматлікіх конкурсах нашы выступленні добра ацэньваюць. Гурток пачаў сваю дзейнасць з паказу абрада «Троіца» у 2007 годзе, і адразу ж мы сталі раённымі пераможцамі. У 2009 годзе з абрадам «Провады русалкі» занялі ганаровае першае месца, і ў 2011 годзе з абрадам «Купалле» зноў першыя. Мы неаднаразова ездзілі на абласны конкурс фальклорных калектываў «Шануйце сваю спадчыну», дзе таксама былі адзначаны падзячнымі граматамі. Гэта вынік карпатлівай працы ўсіх удзельнікаў і, першым чынам, Людмілы Іванаўны.
Усе мы поўныя творчымі ідэямі, планамі, якія здзейсняцца дзякуючы нашаму кіраўніку. Гурток «Вытокі» не перастане існаваць, пакуль жывыя нашы думкі пра адраджэнне культуры нашага краю, роднай вескі. Доказам гэтаму стала наша зацікаўленасць, працавітасць і адчуванне сябе пры гэтым тымі «вытокамі», якімі адраджаецца нацыянальная культура, яе спадчына.
Вікторыя ГРУЧАНКОВА.
Фота аўтара.
Удзельнікі фальклорнага гуртка “Выток”.