Я, Басава Дар’я, вучаніца 10 класа Журавіцкай сярэдняй школы, член савета музея Андрэя Макаёнка. Хачу расказаць пра наш школьны літаратурны музей, дзе можна дакрануцца да цэлай эпохі, якую ўвасабляў у сабе вялікі драматург з Рагачоўшчыны.

Аб таленавітым пісьменніку і земляку Дар’я Басава ведае як ніхто іншы з вучняў школы.
Пакой падарункаў – так называюць наш музей у Журавіцкай сярэдняй школе. Скарбніца гісторыі адчыніла дзверы 25 студзеня 1986 года і паступова напаўнялася цікавымі экспанатамі пра славутага земляка.
Пачынальнікамі збору матэрыялаў для музея сталі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Бэла Міронаўна Рэўзіна, Еўдакія Яўстрацьеўна Камарова і дырэктар школы Яўген Платонавіч Загорскі. Яны разам са школьнікамі звярнуліся да родных Андрэя Ягоравіча з просьбай перадаць музею асабістыя рэчы пісьменніка.
Сёння экспазіцыя музея, якім кіруе Наталля Давыдзенка, складаецца з сямі раздзелаў.
«Сям’я А.Я. Макаёнка» зна-ёміць з фотаздымкамі родных пісьменніка – яго бацькі, маці і брата Івана. Цікавасць наведвальнікаў выклікае фотаздымак, на якім Андрэй Макаёнак знаходзіцца побач з маці Юрыя Гагарына. Брат Леанід неаднаразова ўспамінаў, што гэтыя сустрэчы былі асаблівымі для драматурга. Дарэчы, усе фотаздымкі раздзела з’яўляюцца аўтарскай работай вядомага фотамастака Уладзіміра Крука.
Раздзел «Пачатак творчай дзейнасці» раскрывае шляхі, якімі прайшоў драматург да свайго прызвання, што ўплывала на яго станаўленне як пісьменніка, знаёміць з сябрамі і калегамі, якія падтрымлівалі Андрэя Макаёнка ў розных жыццёвых абставінах. Тут жа размешчана і два нумары часопіса “Нёман”, галоўным рэдактарам якога працаваў Андрэй Ягоравіч.
Раздзел «Макаёнак і тэатр» прадстаўлены арыгінальнымі афі-шамі яго спектакляў, тэатраль-нымі праграмкамі, фотаздымкамі, якія зроблены ў час пастановак. Цікавым з’яўляецца фотаздымак “Андрэй Макаёнак і акцёры Купалаўскага тэатра пасля прэм’еры”.
«Грамадская дзейнасць пісь-менніка» паказвае, што Андрэй Ягоравіч бачыў жыццё не толькі як шэраг падзей, якія можна перанесці на паперу. Яго вельмі хвалявалі праблемы грамадства і ён актыўна ўдзельнічаў у іх рашэнні. Фотаздымкі гэтага раздзела занатавалі моманты выступлення Андрэя Ягоравіча ў Нью-Ёрку, падчас выступлення ў тэлестудыі “Ліра” на беларускім тэлебачанні.
Раздзел «Ушанаванне памяці А.Я.Макаёнка» прадстаўлены фотаздымкамі, шэрагам даку-ментаў, публікацыямі са сродкаў масавай інфармацыі, у якіх змешчаны звесткі аб тым, наколькі глыбока закранула грамадства смерць Андрэя Макаёнка. Таксама тут размешчаны і фотаздымкі з адкрыцця музея, на якіх мясцовыя жыхары пазнаюць сябе і сваіх знаёмых.
«Асабістыя рэчы і падарункі музею» даюць магчымасць убачыць рэальныя рэчы, якія былі дарагімі для драматурга і яго сям’і. Гэта трафейная друкавальная машынка, шашкі, гадзіннік, кій, блакнот, ручка і дакументы (членскі білет, пасведчанні да ўзнагарод). Вялікую цікавасць наведвальнікаў вызывае і бюст Андрэя Макаёнка, аўтарам якога з’яўляецца сусветна вядомы скульптар Заір Азгур. Бюст быў падараваны Міністэрствам культуры Беларусі ў дзень адкрыцця музея.
Раздзел «Літаратурная Рагачоў-шчына» змяшчае публікацыі і кнігі землякоў Макаёнка –пісьменнікаў Рагачоўшчыны, якія працягваюць лепшыя традыцыі слыннага драматурга. Сярод іх – Васіль Ткачоў, Міхась Сліва, Уладзімір Пала-дзенка і іншыя. Натхняюць творы Андрэя Макаёнка і малодшае пакаленне: вучні робяць спробы пяра і пішуць даследчыя работы пра землякоў, якія ўнеслі ўклад у развіццё культуры роднага краю.
Асноўнымі формамі работы музея з’яўляюцца, безумоўна, экскурсіі. Таксама тут праводзяцца выставы, лекцыі, урокі літаратуры, класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы. Стала традыцыяй кожны год праводзіць тыдзень Андрэя Макаёнка з конкурсамі, віктарынамі, чытаннем і абмеркаваннем п’ес драматурга. Ужо больш за 10 гадоў цікава праходзіць і фестываль дзіцячых тэатральных калектываў “У гасцях у Лявоніхі”.
Вельмі хвалюючымі з’яўляюцца сустрэчы ў музеі з пісьменнікамі Гомельшчыны і Рагачоўшчыны. Неаднаразова вучні мелі магчымасць пагутарыць з пісьменнікам Васілём Ткачовым, на свае вочы вучні бачылі вядомага драматурга і сцэнарыста Аляксея Дударава, сустракаліся з вядомым навукоўцам Вячаславам Рагойшам. Гэтыя сустрэчы стварылі трывалы падмурак для арганізацыі ў нашай школе сустрэчы з пісьменнікамі Беларусі, Расіі і Украіны падчас святкавання Дня пісьменства 3 верасня 2016 года.
Апрабуюцца ў музеі і новыя формы работы. Гэта і квэсты да Дня музеяў, якія даюць магчымасць не проста слухаць экскурсаводаў, а і самім удзельнічаць у выкананні заданняў, звязаных з экспазіцыяй музея. Гэта і творчая работа савета музея “Жывая скульптура”, калі падчас экскурсіі вучні выконваюць ролі “жывых манекенаў”, адлюстроўваючы пэўную эпоху, падзею альбо героя твора.
Я лічу, што роля школьнага музея ўзрастае з цягам часу, бо менавіта праз яго можна давесці да нас, школьнікаў, веды па гісторыі і культуры свайго народа і перадаць іх у цікавай форме. Акрамя таго, удзел вучняў у дзейнасці музея, у пошукавай і краязнаўчай рабоце зможа адцягнуць некаторых з нас ад характэрнай для сённяшняй моладзі рысы – бездухоўнасці, – напоўніць яшчэ большым сэнсам школьнае жыццё, даць накірунак да самаразвіцця і, тым самым, прынесці карысць Радзіме.
Рубрыку вядзе Вікторыя РАГОЖНІКАВА.