Журналіст "Звязды" наведаў рагачоўскі суд, дзе разглядаюць справу былога ўчастковага і дэпутата Мікалая Клімянка. Сёлета ў купальскую ноч ён з пісталета Макарава стрэліў у галаву 22-гадовай Ніне Карасёвай. За што? Пра якія невядомыя раней акалічнасці стала вядома на судзе?
Адзінаццаць чалавек без уліку сведак — столькі людзей прыйшло ў залу Рагачоўскага суда на разгляд самай абуральнай крымінальнай справы ў краіне.
З гэтага пісталета Макарава быў зроблены смяротны стрэл.
Забойства жыхаркі вёскі Журавічы Ніны Карасёвай, якое здарылася сёлета ў купальскую ноч, скалынула многіх. Позна ўвечары шостага ліпеня ўчастковы Рагачоўскага РАУС Мікалай Клімянок стрэліў дзяўчыне ў галаву з пісталета Макарава. Беспрычынна.
"Цябе, с...а, даўно трэба было грохнуць, — перадае словы пярэваратня ў пагонах сведка ракавога стрэлу, якая сядзела ў міліцэйскай машыне побач з ахвярай. — Клімянок узяў зброю, нечакана наставіў на Ніну і стрэліў ва ўпор, проста ў галаву. Была нібы іскра, на перад машыны хлынула кроў..."
Ніна Карасёва, атрымаўшы ачаговую траўму, адкрыты пералом звода чэрапа, загінула праз 11 дзён у райбальніцы. А былы ўчастковы міліцыянер, дэпутат мясцовага савета і бацька дваіх дзяцей Мікалай Клімянок пачаў называць свой стрэл ва ўпор "выпадковасцю".
— Карасёва сказала, што пісталет — несапраўдны. Я вырашыў перадаць ёй табельную зброю, каб пераканаць, што яна памыляецца, — выкручваўся абвінавачаны на судзе. — Яна нізка нахіліла галаву. Раптам адбыўся стрэл... Пасля таго, што адбылося, я знаходзіўся ў шокавым стане, не мог зразумець, як гэта здарылася, мне было страшна...
Сведка: "У руках міліцыянера было дзве бутэлькі гарэлкі, а за поясам — пісталет"
У зале судовага пасяджэння Клімянка змясцілі ў клетку. Былы міліцыянер сядзеў пачырванелы, насуплены, перыядычна апускаў вочы долу. Зрэдку кідаў востры і адначасова пакрыўджаны позірк на жонку. Выглядаў былы ўчастковы і дэпутат, як цынічнае дзіцё, якое вось-вось нашкодзіць за тваёй спінай. Клімянок то хістаўся наперад і назад, то ціха плакаў, выціраючы слёзы насовачкай.
Сведкі расказвалі пра новыя акалічнасці, удакладнялі ўжо вядомыя дэталі. Па-першае, яшчэ раз прагучаў адказ на пытанне, чаму Ніна Карасёва трапіла ў міліцэйскую машыну тым ракавым вечарам. З гэтай нагоды разыходзіліся чуткі: маўляў, ахвяра і яе забойца былі каханкамі. Аднак і тыя людзі, што працавалі з Нінай, і тыя, што былі на месцы здарэння, гаварылі адваротнае. У свой час прыгажуня Ніна Карасёва адмовілася заводзіць раман з "жанацікам" Клімянком, а ў той вечар прыехала паразмаўляць з міліцыянерам наконт свайго знаёмага, якому пагражала крымінальная адказнасць. Гутарка прывяла да стрэлу ва ўпор...
Другі момант. Усе чулі, што міліцыянеры, якія павінны былі ахоўваць грамадзянскі парадак у купальскую ноч, замест гэтага пілі гарэлку. Сведкі ж расставілі кропкі над "і": жлукцілі дэманстратыўна, зневажаючы сваімі паводзінамі іншых грамадзян. Думкі "пастраляць" у тую ноч гучалі не толькі з вуснаў участковага Мікалая Клімянка. Сведка Аляксандр Абрамовіч, які працуе сацработнікам у Доўску, распавёў пра тое, як сустрэўся з міліцэйскай "брыгадай" на мясцовым возеры. Ніны Карасёвай і яе сяброўкі на той момант з "ахоўнікамі закону" яшчэ не было.
— На капоце "Жыгулёў" стаяла піва, гарэлка, ляжала закуска — рыба. — Прапанавалі: "Давай вып'ем", — узгадвае Аляксандр Абрамовіч. — Побач, над возерам, лятаў каршун. Тады Лебедзеў (яшчэ адзін міліцыянер, які ўжо звольнены з органаў. — "Звязда") сказаў: "Дайце пісталет, я яго застрэлю".
Абвінавачаны ж Мікалай Клімянок заяўляў пра намер "пастраляць" неаднойчы. Па словах яшчэ адной сведкі, якая была на возеры разам з міліцыянерамі, Клімянок "кудысьці пабег, зачапіўся за пень, упаў, пачаў крычаць: "Мне ўсё можна, перастраляю ўсіх". Чулі і такое, што казаў: "Трэба пастраляць". Думалі, што напіўся чалавек, вярзе лухту, не звярнулі на гэта належнай увагі.
За межамі пляжа, у мястэчку Доўск, міліцыянеры не саромеліся адкрыта купляць алкаголь і хадзіць, размахваючы бутэлькамі з гарэлкай перад грамадзянамі.
— Я сустрэў Лебедзева на ганку сваёй установы. У яго руках было дзве бутэлькі гарэлкі, — даваў паказанні на судзе гаспадар бара "Аляксандр", ля якога здарылася трагедыя. — Я пачаў яго дакараць: "Што вы сабе дазваляеце?" У адказ Лебедзеў сказаў: "Стары, у нас цвярозы кіроўца". За поясам у міліцыянера тырчаў пісталет. Мая жонка абурылася: "А гэта што такое?" На гэта пытанне міліцыянер паправіў пісталет і моўчкі выйшаў...
Праз некалькі гадзін бесперапынная п'янка прывяла да трагедыі. Мікалай Клімянок, здавалася, збіраўся ісці дадому, але затрымаўся ў машыне, дастаў табельную зброю і...
Следства высветліла, што страляў Клімянок "беспрычынна, выяўляючы знявагу да грамадства, п'яную зухаватасць".
Экспертыза паказала наяўнасць у яго крыві 2,62 праміле алкаголю, а ў мачы — 3,85 праміле.У былога ўчастковага не знайшлі псіхічных адхіленняў.
Маці забітай дзяўчыны: "Нас пужалі, што яго пасадзяць ненадоўга"
Мікалаю Клімянку пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення або пажыццёвае зняволенне. Цягам судовых пасяджэнняў абвінавачанне было перапрад'яўлена з артыкула "замах на забойства" на пункт 13 частку 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Беларусі (забойства з хуліганскіх памкненняў).
Маці Ніны Карасёвай не стрымалася і заплакала, калі ў зале суда пачалі аглядаць рэчавыя доказы, дастаючы іх з картонных скрыняў. Гэта басаножкі Ніны, запэцканыя крывёй чахлы "Жыгулёў", форменная вопратка Клімянка, той самы пісталет Макарава...
— Я дзіўлюся таму, што ён толькі часткова пагадзіўся з абвінавачаннем. Замест таго, каб сказаць "я забіў гэту дзяўчыну", ён пашкадаваў, што "парушыў службовы статут, няправільна абыходзіўся са зброяй", — абураецца Тамара Аляксееўна, маці забітай Ніны Карасёвай. — Яго сваякі і палюбоўніца хлусяць: маўляў, наша дачка — блудніца. Хоць даўно ўстаноўлена, чаму Ніна аказалася ў міліцэйскай машыне ў тую ноч. Нас пужалі, што яго пасадзяць ненадоўга. Пасядзіць і выйдзе, пужалі, што і з намі разбяруцца.Спадзяванне застаецца толькі на беларускае правасуддзе.
Слуханні справы пачаліся 24 лістапада, прысуд плануюць вынесці днямі. Гучную справу разглядае суддзя Гомельскага абласнога суда.
"Звязда" паведаміць пра тое, якое пакаранне панясе Мікалай Клімянок за свой учынак.