Чаму б у Рагачове, каля галоўнага корпуса “Беларусбанка”, не зрабіць спецыяльна абсталяваную паркоўку?
Дзядуля Мярэжа, ты, напэўна, ужо паспеў ацаніць, як пасля нядаўняга рамонту змянілася ў лепшы бок дарога па вуліцы Савецкай. Але адна акалічнасць усё ж такі азмрочвае ўражанне. Гэта даўняя і набалелая праблема, якая ўжо доўгі час не дае спакою кліентам размешчанага тут аддзялення “Беларусбанка”, — адсутнасць добраўпарадкаванай аўтастаянкі. Бо тая маленькая паркоўка на некалькі месцаў, што існуе каля будынка банка, не закрывае пытання з размяшчэннем машын кліентаў.
Колькі скаргаў, даражэнькі дзядуля, я часцей дыхання чую ад знаёмых з прычыны таго, што няма дзе паставіць машыну. Кожны паркуецца, як яму ўздумаецца, што прыводзіць да вялікага скаплення хаатычна размешчаных “жалезных коней”. А ў час-пік з-за гэтага бязладдзя нават цяжка праціснуцца іншаму транспарту. Асабліва спачуваю жыхарам прыватных уладанняў, што насупраць банка: некаторыя ўмудраюцца ставіць свае машыны пад вокнамі дамоў ці нават ў чужых дварах. Але вадзіцеляў таксама можна зразумець — у іх няма іншага выхаду.
Многія рагачоўцы спадзяваліся на тое, што пасля рамонту дарогі па вуліцы Савецкай каля самага багатага на кліентаў гарадскога банка з’явіцца і “гасцініца” для іх “чатырохколавых сяброў”. Але цуда не адбылося…
З адабрэннем кліенты банка пазіраюць на аўтастаянку каля будынка аддзела адукацыі, якая хуценька вырашыла праблему размяшчэння машын у тым раёне. Чаму б такую, спецыяльна абсталяваную, паркоўку не зрабіць каля галоўнага корпуса “Беларусбанка”?..
Дарагі Мярэжа, толькі ў тваіх сілах дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Пагавары со сваімі знаёмымі з Дзяржаўтаінспекцыі — няўжо ж яны самі не бачаць, што сітуацыя з кожным днём толькі абвастраецца! Адгукніся, дружа, на наш крык душы!
Б. СНЕЖНАЯ.
Фота В. РАГОЖНІКАВА.