Камсамол Рагачоўшчыны цікавы сваімі асобамі. Сёння мы мала гаворым пра тых, хто ў свае
17–25 гадоў са зброяй у руках адстойваў незалежнасць нашай Радзімы. Адным з такіх забытых герояў з’яўляецца Адам Андрэевіч Бірукоў, які да вайны займаў пасаду сакратара Рагачоўскага РК ЛКСМБ.
Адам БІРУКОЎ (другі справа) сярод паплечнікаў, якія прымалі
актыўны ўдзел у партызанскім руху.
Праліць святло на даўнія падзеі
Энцыклапедыя сведчыць, што Адам Бірукоў – арганізатар партызанскага руху ў Гомельскай і Пінскай абласцях, ганаровы работнік культуры БССР, член КПСС – нарадзіўся 21 лістапада 1914 года ў вёсцы Ядраная Слабада Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе ён скончыў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут. У час нямецкай акупацыі да жніўня 1943 года Адам Андрэевіч кіраваў Рагачоўскім падпольным камітэтам ЛКСМБ, падпольнымі арганізацыямі моладзі і камсамольскімі – у партызанскіх атрадах 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады. Улетку 1943 года па рашэнні ЦК ЛКСМБ ён узначаліў Пінскі падпольны абласны камітэт ЛКСМБ.
У 2007 годзе архіў Адама Бірукова трапіў да мяне. Падчас сустрэчы з яго жонкай Яўгеніяй Іванаўнай Біруковай, сярод карэспандэнцыі я адшукаў перапіску гэтага чалавека з легендарным арганізатарам падпольнага руху савецкай моладзі на тэрыторыі Палескай вобласці Эдуардам Нордманам, які разам з Васілём Каржом без адзінага стрэла раззброілі вясной 1942 года тры паліцэйскія апорныя пункты ў Старобінскім раёне. Мала хто з настаўнікаў гісторыі ведае, што пасля камандзіравання Адама Бірукова на Піншчыну, Рагачоўскім падпольным камітэтам ЛКСМБ кіраваў наш зямляк Мікіта Фёдаравіч Шабеткін, які да вайны быў сакратаром Сямяціцкага райкама камсамола на Брэстчыне.
У архіве я таксама знайшоў пісьмовую крыніцу Адама Бірукова “Спіс падпольна-камсамольскіх арганізацый Рагачоўшчыны перыяду Вялікай Айчыннай вайны” і ўспаміны аб дзейнасці камсамола нашага раёна ў канцы 30-х – пачатку 40-х гадоў. Яны могуць стаць асновай для вывучэння пасляваеннага лёсу былых падпольшчыкаў і гісторыі камсамола Рагачоўшчыны напярэдадні і ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя ўспаміны прадастаўляюцца чытачам у скарочаным выглядзе з невялікімі праўкамі.
Рагачоўская раённая камсамольская арганізацыя Гомельскай вобласці перад Вялікай Айчыннай вайной была адным з баявых атрадаў камсамола Беларусі. На 22 чэрвеня 1941 года ў раёне дзейнічала 148 першасных камсамольскіх арганізацый, у якіх налічвалася больш за 2700 камсамольцаў.
Пасля калектывізацыі сельскай гас-падаркі вельмі востра паўстала праблема асушэння балот: неабходна было пашырыць плошчы зямель для пасеваў зерневых і іншых культур.
Мемуары сведчаць…
“Савет Народных Камісараў СССР і ЦК УКП(б) у сваім пастанаўленні аб асушэнні беларускіх балот і асваенні асушаных зямель прынялі грандыёзную праграму работ, далейшага развіцця і пад’ёму сацыялістычнай гаспадаркі. З 5 па 7 красавіка 1941 года прайшоў Пленум ЦК ЛКСМБ, на якім быў абмеркаваны даклад сакратара ЦК КП(б)Б М.В. Кулагіна аб удзеле камсамольскіх арганізацый Беларусі ў асушэнні балот і выкарыстанні асушаных зямель калгасаў для расшырэння пасяўных плошчаў і сенакосаў.
Па прызыву камсамольцаў у калгасе “Чырвоная Гусараўка” ў зімовых умовах пачаліся меліярацыйныя работы, быў пракладзены магістральны канал. Камсамольцы і несаюзная моладзь разам са сваім кіраўніком – сакратаром камсамольскай арганізацыі Іваліям Максімавым – першымі выйшлі на балоты і асабістым прыкладам, высокай прадуктыўнасцю працы ўцягнулі ў гэтую дзейнасць калгаснікаў.
Упершыню ў Беларусі была даказана магчымасць усесезоннай асушкі балот (“Баявыя задачы сельскіх камсамольцаў”, газета “Савецкая Беларусія” № 84 ад 9 красавіка 1941 года і “Баявыя задачы беларускіх камсамольцаў”, газета “Сталінская моладзь” ад 10 красавіка 1941 года). У камсамольскіх арганізацыях раёна былі створаны і працавалі па меліарацыі 9 камсамольска-моладзевых звенняў.
У калгасе “13 год Кастрычніка” звенні камсамольскай моладзі пад кіраўніцтвам брыгадзіра – сакратара камсамольскай арганізацыі Аляксея Маркава вывучылі агратэхніку і атрымалі вялікі ўраджай кок-сагызу на тарфяніках.
У 1940 годзе з плошчы 20 гектараў здалі дзяржаве па 50 цэнтнераў сырых каранёў. На асобных участках атрыманы ўраджай па 70–80 цэнтнераў. Прыбытак ад кок-сагызу склаў звыш за 200 тысяч рублёў. У калгасе былі створаны 12 пастаянных звенняў, з іх 4 – камсамольска-моладзевых.
ЦК УЛКСМ адобрыў працу Рагачоўскіх камсамольцаў і прапанаваў абкамам і райкамам камсамола распаўсюдзіць гэты вопыт. Было абвешчана ўсенароднае шэфства камсамола над кок-сагызам (газета “Сталінская моладзь” ад 25 лютага 1941 года).
Сакратар ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнка ў артыкуле газеты “Камсамольская праўда” ад 3 лютага 1941 года “Задача дзяржаўнай важнасці” пісаў: “Надо, чтобы все комсомольцы колхозов, так, как и рогачёвцы, стали настоящими запевалами массового движения в колхозах за выращивание кок-сагыза”.
У раёне правялі вялікую працу па падрыхтоўцы і правядзенні сева кок-сагызу. У калгасах былі створаны 36 звенняў камсамольскай моладзі, якія дасканала вывучылі агратэхніку яшчэ зімой, прымалі меры, каб назапасіць у глебе дастатковую колькасць вільгаці. Рабілі шчыты, якія затрымлівалі снег, назапашвалі ўгнаенні, рыхтавалі тэхніку (газета “Сталінская моладзь” ад 25 сакавіка 1941 года).
У калгасе “13 год Кастрычніка” была набыта спецыяльная сеялка ОКД-12, а кавалі паставілі абмежавальнік на дыскавую сеялку. Яшчэ вясной участкі разбілі на дзялянкі для кожнага члена звяна. З 20 гектараў па плану былі пасеяны 24 гектары кок-сагызу.
У суседнім калгасе “Чырвоная Дуброва” звенні камсамольскай моладзі ўзялі абавязкі атрымаць не менш за 72 цэнтнеры каранёў кок-сагызу з гектара. Газета “Савецкая Беларусія” ад 9 мая 1941 года пісала, што большасць калгасаў раёна падрыхтавалася і правяла сеў кок-сагызу лепш, чым у папярэднія гады. Калгас “13 год Кастрычніка”, улічваючы вопыт папярэдніх гадоў, пачаў высяваць кок-сагыз з першых дзён выхаду ў поле і ў другой дэкадзе красавіка на добра апрацаваных тарфяніках пасеяў 24 гектары. Гэтую культуру калгаснікі сеялі і на сваіх сядзібах, а многія калгасы рабілі гэта, не маючы нават плана. Да працы былі прыцягнуты многія школы раёна. Справы ў раёне ішлі нядрэнна.
У Гадзілавіцкай сярэдняй школе вывучылі агратэхніку вырошчвання расліны. Праўленне калгаса выдзяліла надзел кок-сагызу, які апрацоўвалі выключна піянеры і школьнікі.
Удзельнікі рэспубліканскай нарады маладых каўчукаводаў падтрымалі ініцыятыву камсамольцаў калгасу “13 год Кастрычніка” Рагачоўскага раёна і абавязаліся вырасціць і атрымаць не менш за 50 цэнтнераў каранёў і не менш за 50 кілаграмаў насення кок-сагызу з кожнага гектара.
29 чэрвеня 1941 года неабходна было праінфармаваць ЦК ЛКСМБ пра ход работ па вырошчванні кок-сагызу. Па гэтаму пытанню прапаноўвалася справаздача ў ЦК УЛКСМ у жніўні 1941 года. Пад кіраўніцтвам камсамольскіх арганізацый раёна, піянерскіх арганізацый моладзь прымала актыўны ўдзел і ў барацьбе за чысціню і санітарную культуру ў раёне. Але ўсе гэтыя пачынанні не ўдалося давесці да завяршэння ў сувязі з вераломным нападам гітлераўскіх захопнікаў. Прыйшлося перабудоўваць і работу райкама камсамола на ваенны лад”.
Моладзь Рагачоўшчыны
ў барацьбе з ворагам
З першых дзён вайны праходзіла мабілізацыя камсамольцаў і моладзі ў знішчальны батальён і ў Чырвоную армію, а таксама падрыхтоўка да работы ў тыле праціўніка. У пачатку вайны большасць камсамольцаў Рагачоўшчыны пайшла ў армію. Адправіліся на фронт і пазаштатныя сакратары Рагачоўскага райкама камсамола Сяргей Антонавіч Бабіч і Барыс Маркавіч Мілер. Яны ўсю вайну прайшлі ў складзе РККА, узнагароджаны ардэнамі і медалямі.
Калі летам 1941 года фронт стаяў на рацэ Днепр, камсамольцы Рагачоўскага раёна рыхтаваліся да падпольнай барацьбы. Рашэннем ЦК ЛКСМБ і Гомельскага абкама ЛКСМБ першы сакратар Рагачоўскага РК ЛКСМБ Адам Андрэевіч Бірукоў застаўся на акупаванай ворагам тэрыторыі нашага раёна, быў прызначаны сакратаром Рагачоўскага падпольнага райкама ЛКСМБ і сакратаром Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ па рагачоўскай зоне.
Рагачоўскі падпольны РК ЛКСМБ пачаў сваю дзейнасць у другой палове 1941 года і вёў яе да канца кастрычніка 1941 года. З ліпеня 1942-га па чэрвень 1944 года –актыўна арганізоўваў камсамольцаў на барацьбу за незалежнасць Радзімы.
Нам вядома, што ў першым партызанскім атрадзе, створаным на тэрыторыі Рагачоўскага раёна з байцоў знішчальнага батальёна, налічвалася дзесяць камсамольцаў. Калі гітлераўцы захапілі вёску Хатоўня, яны шукалі параненых савецкіх байцоў. Здраднік Куляшоў выдаў ворагу Пятра Прыкоценка – кіраўніка камсамольскай арганізацыі гэтага населенага пункта. Карнікі доўга здзекваліся з юнака, але ён нічога не сказаў фашыстам. Яго і маці расстралялі на ўскраіне вёскі Хатоўня ў жніўні 1941 года.
Фашысцкія каты не змаглі запалохаць моладзь Рагачоўшчыны. Лічбы сведчаць, што ўвосень 1942 года ў нашым раёне дзейнічалі 14 падпольных камсамольскіх арганізацый, праз год з ворагам змагаліся ўжо 28 такіх груп, а ў канцы 1943 года было 477 камсамольцаў-падпольшчыкаў. У горадзе Рагачове дзейнічалі 3 падпольныя камсамольскія арганізацыі.
Падпольная камсамольская група вёскі Слабада Азяранскага сельсавета пад кіраўніцтвам Аляксандры Канавалавай з лета па восень 1942 года перадала партызанам 8-й Рагачоўскай брыгады зброю: адзін кулямёт, 2 вінтоўкі, 12 гранат, 1000 патронаў і да лета 1944 года накіравала ў партызанскія атрады 26 байцоў. Камсамольцы-падпольшчыкі вялі разведку, распаўсюджвалі лістоўкі, дапамагалі партызанам у знішчэнні варожых паліцэйскіх гарнізонаў і апорных пунктаў.
Усяго ж за перыяд акупацыі Рагачоўшчыны камсамольскія падпольныя арганізацыі перадалі партызанам 263 вінтоўкі, 24 кулямёты, 4 мінамёты, 750 гранат, 104 000 патронаў, накіравалі ў партызанскія атрады 504 байца.
Падпольныя камсамольскія групы дзейнічалі ў многіх вёсках: па адной – у Кісцянях, Станькаве, Дварцы, Бродзе, Старым Сяле, Гарадцы, Шапарні, Глінску, Гадзілавічах, Вялікіх Стралках, Забалацці, Азяранах; у Турску іх было створана 3.
Да жніўня 1943 года ў 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгадзе дзейнічаў падпольны райкам камсамолу ў складзе Адама Бірукова (1-ы сакратар), Мікіты Шабеткіна (2-гі сакратар), Навума Цэйтліна, Васіля Данілава і Аляксея Красічкава (члены бюро).
У складзе 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады ў верасні 1943 года з камсамольцаў і моладзі быў створаны партызанскі атрад № 268 імя 25-годдзя УЛКСМ. Ён налічваў 58 байцоў. Камандзірам атрада быў легендарны партызан Кузьма Чарненка. Партызаны гэтага атрада праводзілі самыя адказныя баявыя аперацыі.
Камсамол Беларусі ў цэлым і камсамольцы Рагачоўшчыны ў прыватнасці – гэта мужныя маладыя людзі, якія ахвяравалі сабой, каб выгнаць з нашай зямлі фашысцкага агрэсара. За гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з ворагам загінула звыш сотні работнікаў райкамаў ЛКСМБ, 5 работнікаў ЦК ЛКСМБ, 3 сакратары абкамаў ЛКСМБ.
Падрыхтаваў Генадзь ЦІТОВІЧ, дырэктар Рагачоўскага раённага
цэнтра турызму і краязнаўства
дзяцей і моладзі.
Фота з сямейнага архіва БІРУКОВЫХ.