Вучаніца 6 “В” класа сярэдняй школы № 2 горада Рагачова імя В.М. Калеснікава Афіна Краўцова стала пераможцай раённага этапа рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў “Золотое перо “Белой Руси” – 2024”, прысвечанага Году якасці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таленавітая дзяўчына эмацыянальна перадала агульную тэму конкурса – “Быць беларусам!” – і з дапамогай выразных сродкаў выказала свае думкі на паперы. Прапаноўваем і вам, паважаныя чытачы, разгадаць таямніцу таленту нашай зямлячкі Афіны Краўцовай.

 

Таямніца вачэй пісьменніка

Аднойчы, перад ўрокам беларускай мовы я заўважыла чалавека на партрэце з кнігай у руках. Чаму я не звяртала ўвагі на гэты партрэт раней? Я хацела падысці да партрэта і бліжэй пазнаёміцца з чалавекам на ім. Але тут празвінеў званок. Мне прыйшлося вярнуцца да парты. На ўроку была новая тэма, і я забылася і на партрэт, і на чалавека на ім. Праз некалькі дзён мне выпадкова трапіла ў рукі кніга.  Яна была сярэдняга памеру. На вокладцы было адлюстравана неба, якое абапал ахутвалі два пяры, якія нібы два агеньчыкі імкнуліся ўверх. Гледзячы на гэту вокладку, я адчувала нейкае спазнаванне, нібы ўжо бачыла такое неба не аднойчы. Я імкнулася ўспомніць, дзе мы маглі сустрэцца. На розум нічога не прыходзіла. Пасля, калі ў мяне пачала балець галава ад ўсіх меркаванняў, раптоўна мяне напаткала думка. А што, калі гэта кніга была ў руках таго чалавека, які быў на партрэце. Я хутка пайшла ў клас беларускай мовы. Мае меркаванні сцвердзіліся. У руках незнаёмага чалавека была тая кніга, якая да мяне трапіла. Я не магла крануцца з месца. Вочы глядзелі прама на мяне. Быццам там не малюнак, а жывы чалавек. Гэтыя блакітныя азёры, у якіх адлюстравалася ўся прыгажосць сонечнага летняга дня, глядзелі на мяне з усмешкаю. Такой добрай, па-дзіцячы даверлівай усмешкай. У вачах можна было знайсці месца, дзе гора і радасць перакрыжаваліся, ствараючы незабыўную карціну са светлых і цемных колераў. Побач гуляліся маленькія смяшынкі. За імі было відаць адценне светла-зялёнага колеру, якое незвычайным чынам кружылася побач са смяшынкамі, то ахутваючы іх, то проста знаходзячыся побач. Гэта мудрасць пражытых гадоў. Яна здаецца проста нейкім туманам, які гуляе са смяшынкамі, але калі нехта будзе пагражаць ці перашкаджаць, ён стане шчытом, які будзе ахоўваць і аберагаць смяшынкі. Ён стане кап’ём, якое не дасць пакрыўдзіць іх незвычайны свет і парушыць іх добрае жыцце. То там, то тут з’яўляецца легкі  ветрык. Ён мякка штурхае смяшынкі, якія  весела разлятаюцца. Вецер знаходзіцца паўсюль. Гэта ўсюдыісная дабрыня, яна як пакроў над ўсім і ўсімі. З-за гэтага ў цудадзейным свеце пануе дабрыня і разуменне.

Вось што адлюстроўваецца ў незвычайных блакітных вачах. Пасля таго, як я акунулася ў незвычайныя вочы гэтага незнаёмага чалавека, у мяне доўга перад вачыма стаяў той дзіўны свет, без чалавечай ілжы і бруду. У якім можна не баяцца таго, што цябе засмяюць за твае хваляванні ці будуць крытыкаваць за твой пункт погляду.

Вось так пачалося маё знаёмства з Міхасём Слівай.

Міхаіл Мітрафанавіч мой зямляк. Ён жыве ў маім родным горадзе Рагачове, доўгі час працаваў у раённай газеце “Свабоднае слова”. Піша Міхаіл Мітрафанавіч празаічныя творы: апавяданні, казкі, гумарэскі, мініяцюры, публіцыстыку, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі на беларускай і рускай мовах, перакладае з украінскай і чэшскай моў.

Мяне вельмі ўразілі яго кнігі. Той свет, што я ўбачыла на партрэце, быў перанесены і ў творчасць мастака слова. Творы Міхаіла Мітрафанавіча прасякнуты іроніяй. А іронія – гэта далёка не самы просты троп. Толькі чалавек дасведчаны, адукаваны можа так віртуозна скарыстоўваць гэты прыём у сваёй літаратурнай творчасці.

Я вылучаю Міхаіла Мітрафанавіча сярод іншых пісьменнікаў яго непаўторным стылем, пачуццём гумару, разуменнем цікавасцяў моладзі. Асаблівай разынкай Міхаіла Мітрафанавіча, на мой погляд, з’яўляецца яго непаўторны гумар, жывы розум, пачуццё густу.

Атрымаўшы заданне на ўроку мовы напісаць ліст знакамітаму земляку, усе трыццаць чалавек абралі нашага таленавітага земляка-пісьменніка. І не прыміну сказаць, што і мае бесперапынныя аповеды пра гэтага чалавека зрабілі свой унёсак у гэты выбар.

Лісты напісаны і адасланы. Сустрэча адбылася. Міхаіл Мітрафанавіч завітаў да нас на ўрок беларускай літаратуры. Вы толькі ўявіце! Мы на ўласныя вочы ўбачылі сапраўднага пісьменніка. Задавалі яму пытанні, слухалі яго гумарэскі, чыталі загадзя падрыхтаваныя творы пісьменніка, а таксама падзяліліся свамі творчымі дасягненнямі. Міхаіл Мітрафанавіч нас падбадзёрыў, даў каштоўныя парады. Падарыў свае кнігі. Так прыемна было чуць жывую беларускую мову з вуснаў сапраўднага мастака слова.

Так што давайце будзем чакаць таго моманту, калі Міхась Сліва стане сусветна вядомым, дзякуючы свайму розуму, таленту, цярпенню і валоданню сваёй незвычайнай разынкай!

Спадзяюся, вам таксама захочацца зазірнуць у незвычайныя вочы гэтага таленавітага чалавека і крыху бліжэй стаць да яго маленькага дзіўнага свету, якім ён так шчыра дзеліцца са сваім чытачом!

 

Аўтар рубрыкі Вікторыя РАГОЖНІКАВА.

 

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама