Рогачев-МЕДИАМОЛ. Визитная карточка моего района. Любі свой край і апявай
Жыццё сучаснага чалавека вельмі цікавае і насычанае яркімі падзеямі. Аднак калі ў ім няма месца падарожжам, то гэтыя людзі шмат што страцілі. Падчас вандраванняў мы атрымліваем цудоўныя эмоцыі, зараджаемся энергіяй, развіваем свой кругагляд. Таму і прапаную міні-экскурсію па маёй малай радзіме.
На поўначы Гомельскай вобласці, паміж дзвюма рэкамі – Дняпром і Друццю – размясціўся цудоўны і ўтульны горад Рагачоў. Ён мае ў сабе адначасова і культурную, і вялікую гістарычную каштоўнасць. А гісторыя яго пачалася ў далёкім 1142 годзе. Сёння гэта квітнеючы горад, які, хоць і параўнальна невялікі, але вельмі непаўторны і гасцінны. Сэрцам Рагачова з’яўляецца Замкавая гара. Вельмі даўно там стаяў замак каралевы Боны Сфорца. Калі знаходзішся ў гэтым месцы, разумееш, што мінулае сустракаецца з будучым. Ад замка, на жаль, нічога не захавалася, але перанесціся на пяць стагоддзяў назад і паглядзець, як ён выглядаў, можна ў музеі.
Асобным прадметам гонару Рагачоўшчыны былі і будуць яго ўнікальныя храмы: святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага і Успення Прасвятой Багародзіцы ў самім горадзе, храм у імя святога Архангела Міхаіла ў Ціхінічах, старажытная царква Пакровы Прасвятой Багародзіцы ў Доўску, храм Святога Духа ў Дварцы. Святым і сімвалічным месцам для ўсіх жыхароў раёна стала і Свята-Троіцкая крыніца, размешчаная ў вёсцы Свержань. Яна вабіць сваёй веліччу, з розных куткоў сюды прыходзіць шмат народу на богамаленне.
Працягваючы тэму архітэктурных шэдэўраў, немагчыма не згадаць аб адным з самых прыгожых старых будынкаў – аб доме купца Беленькага, які радаваў рагачоўцаў якаснымі тканінамі, быў мудрым і сумленным чалавекам. Будынак прадстаўляе сабой помнік эклектычнай архітэктуры і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Візітоўка раёна – санаторый «Прыдняпроўскі», які размешчаны на маляўнічым беразе ракі Дняпро, сярод лясоў і заліўных лугоў. Адзін з найбуйнейшых курортаў краіны прапануе высакаякасныя паслугі па адпачынку і аздараўленні не толькі беларусаў, але і жыхароў іншых краін, нават з далёкага замежжа.
Славіць Рагачоўшчыну выдатнае па смаку згушчанае малако, зробленае на Рагачоўскім МКК. Сімвалам камбіната стаў помнік згушчонцы, усталяваны ў 2013 годзе. У ёй закладзена капсула для нашчадкаў, якую неабходна дастаць у дзень стагоддзя прадпрыемства.
Цікавым месцам з’яўляецца экамузей «Беларуская лялька» ў вёсцы Стрэнькі. У ім адраджаюць традыцыі вырабу лялек ручной работы. Лялькі вабяць да сябе і мясцовых жыхароў, і турыстаў.

Рагачоўскі раён мае карані ў глыбокай гісторыі і адначасова імкнецца і ў будучыню, дэманструе выдатны прыклад гарманічнага суіснавання прыроднага хараства, духоўнага багацця людзей і прамысловага поспеху. Ад велічных краявідаў Замкавай гары да гаючай вады Свята-Троіцкай крыніцы, ад старажытных храмаў, якія захоўваюць веру, да легендарнага МКК, які стаў сімвалам якасці і працавітасці, – кожны куток раёна расказвае пра сваю ўнікальную гісторыю. Менавіта гэтае цудоўнае спляценне традыцый і сучаснасці, утульнасці і значнасці робіць Рагачоўшчыну па-сапраўднаму незвычайнай, пакідае яркі след у сэрцах тых, хто аднойчы пазнаёміўся з яе гасціннасцю і прыгажосцю.
Сафія ЯБЛУНОЎСКАЯ,
прэс-сакратар
СШ № 5 г. Рагачова.
Версия для слабовидящих

















