22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Рагачоў у грозны час
27 чэрвеня 1941 года
…Спынена работа ўсіх прадпрыемстваў Рагачова. Рабочыя і служачыя горада, а таксама калгаснікі з навакольных вёсак – усяго больш 12 тысяч чалавек – накіраваны на ўзвядзенне абаронных збудаванняў, супрацьтанкавых рвоў. Работа ідзе кругласутачна, часта пад абстрэлам і бамбёжкай нямецкай авіяцыі.
У горадзе вялікі натоўп бежанцаў. Асноўная маса эвакуіраваных рухаецца на Гомель па шашы, астатнія – па чыгунцы на Магілёў.
Мабілізаваны транспарт горада і калгасаў для вывазкі ў вёску Гадзілавічы гатовай прадукцыі са складоў і баз, а таксама іншых матэрыяльных каштоўнасцей. Толькі згушчанага малака было вывезена 120 тон. Але вывезці ўсё цяжка з-за недахопу транспарту. У калгасы і саўгасы правабярэжжа Дняпра адпраўлена група кіруючых работнікаў для арганізацыі выгану жывёлы ўглыб краіны.
З Гомеля прыбылі першыя падраздзяленні войск 63-га корпуса 21-й арміі і займаюць абарону на лініі Гадзілавічы – Рагачоў – Жлобін.
28 чэрвеня 1941 года
Працягваецца работа па прызыву ў армію ваеннаабавязаных.
У Рагачоў прыбылі выхаванцы дзіцячых дамоў. Сотні дзяцей былі ў цяжкім стане: змучаныя доўгім пераходам, з нацёртымі да крыві нагамі. Стомленыя малыя неслі на сваіх плячах вялікія клункі з прадуктамі і адзеннем. У гэты час нямецкія самалёты пачалі абстрэл горада з кулямётаў. Малых тэрмінова завялі ў сховішча, а калі абстрэл скончыўся, іх накармілі і сталі арганізоўваць эвакуацыю. Вялікую дапамогу ў гэтым аказала камандаванне 63-га корпуса: далі аўтамашыны для дастаўкі дзяцей у Гомель.
Вылучаны факельшчыкі, каб на выпадак адыходу з раёна нашых войскаў знішчыць каштоўнасці дзяржаўных і кааператыўных арганізацый і ўстаноў, якія немагчыма было вывезці.
29 чэрвеня
Ад ваенных атрыманы даныя аб тым, што нашы войскі вымушаны пакінуць Рагачоў. Факельшчыкам далі загад падпаліць склады “Заготзбожжа”, сенасклада, спіртбазу і некаторыя іншыя аб’екты. Праз некалькі хвілін чорныя клубы дыму завалаклі горад. З болем у сэрцы, са слязамі на вачах глядзелі жыхары горада на пажары. Але кожны разумеў неабходнасць знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей, каб не аддаць іх ворагу.
Пад канец дня горад амаль апусцеў. З захаду рухаліся дробныя групы цывільных і ваенных, якія, не затрымліваючыся ў горадзе, накіроўваліся за Днепр. Эвакуацыя насельніцтва скончылася. У Рагачове засталіся толькі тыя, хто па розных прычынах не маглі ехаць у савецкі тыл, засталіся і 60 камуністаў для выканання аператыўных заданняў. Яны неслі ахову горада. Члены бюро райкама партыі дзяжурылі і падтрымлівалі сувязь з сельсаветамі. Асабліва трывожна прайшла ноч на 30-е чэрвеня 1941 года. Ва ўмовах ночы і светамаскіроўкі цяжка было ўстанавіць: адыходзяць нашы апошнія часці ці рухаюцца нямецкія авнгарды.
30 чэрвеня 1941 года
У паветры кружылі нямецкія самалёты, але абстрэлу і бамбёжкі не было. У канцы дня нямецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Дварэцкага сельсавета.
1 ліпеня 1941 года
У гэты дзень савецкія войскі пакінулі Рагачоў. А вечарам фашысты акупіравалі горад.
У адпаведнасці з указаннямі Гомельскага абласнога камітэта партыі 2-га ліпеня 1941 года Рагачоўскі райкам партыі арганізаваў у саўгасе “Турск” знішчальны батальён у колькасці 120 чалавек з ліку камуністаў, камсамольцаў, беспартыйнага актыву, у тым ліку з Рагачова і населеных пунктаў правабярэжжа Дняпра, а таксама работнікаў міліцыі для аказання дапамогі савецкім войскам у разведцы і забеспячэнні прадуктамі харчавання і фуражом, выканання іншых заданняў, звязаных з дзейнасцю ва ўмовах франтавога раёна. Камандзірам знішчальнага батальёна быў зацверджаны намеснік дырэктара Рагачоўскай машынна-трактарнай станцыі Мікалай Іванавіч Калінковіч, а з 15 ліпеня 1941 года, калі ён быў накіраваны ў тыл праціўніка для арганізацыі партызанскай барацьбы, камандзірам знішчальнага батальёна стаў работнік міліцыі Касцюшка.
З дзённіка былога
першага сакратара Рагачоўскага падпольнага
райкама КП(б)Б
Самуіла Манусавіча
СВЯРДЛОВА.
Падрыхтаваў
Міхась КАВАЛЁЎ.