У Забалацкім дзіцячым садку клапоцяцца аб кожным дзіцяці
Кожнаму дзіцяці - максімум клопату і ўвагі. Такі дэвіз у калектыва Забалацкага дзіцячага сада. А расчыніла свае дзверы гэтая дашкольная ўстанова ў маі 1971-га. З таго часу прайшло сорак год.
- Асноўныя задачы нашай дашкольнай ўстановы - стварэнне прадметна-пазнавальнага асяроддзя для дзяцей, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця, - расказвае загадчыца дзіцячай ўстановы Таццяна Маслоўская. - Безумоўна, асаблівая ўвага надаецца далучэнню дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцяў, выхаванню патрыятычных пачуццяў праз авалоданне багаццямі роднай мовы, азнаямленню з навакольным светам, а таксама цеснаму ўзаемадзеянню з сям'ёй для забеспячэння паўнацэннага развіцця дзіцяці.
У дзіцячым садзе працуе сяброўскі і зладжаны калектыў, з’яднаны адной мэтай – выхаваць здаровага, усебакова развітага дзіцяці, годнага грамадзяніна сваей радзімы. Значная роля ў выхаванні дзіцяці адводзіцца педагогам.
У дашкольнай установе працуюць педагогі з вышэйшай адукацыяй – старажылы дашкольнай установы Ірына Ісаева, Ала Сямёнава, Святлана Каралёва, - працягвае Таццяна Маслоўская. - Чаму ідзе дождж або свеціць сонца, якія зверы жывуць у нашых лясах, лічыць, размаўляць, маляваць - усяму гэтаму навучаць нашы выхавацелі. Вельмі любяць нашы дзеці спяваць, танцаваць, граць на музычных інструментах разам з музычным кіраўніком Ірынай Курачкінай. Расці дзецям моцнымі, фізічна развітымі, хуткімі і спрытнымі дапамагае вопытны кіраўнік па фізічнаму выхаванню Святлана Каралёва. Шмат добрых слоў можна сказаць у адрас памочнікаў выхавацеляў: Ніны Цярэшчанка, якая працуе ў дзіцячым садзе ўжо 25 год, Тамары Мельнікавай– 23 гады аддала дзецям, Жанны Ткачовай – 20 год працуе ў дзіцячым садзе. Сочыць за здароўем дзяцей наш медыцынскі работнік – Вольга Дземідзенка. Заўседы смачна прыгатуе абед, снеданне і полудзень повар Жанна Казачук. Прываблівае сваей чысціней і прыгажосцю тэрыторыя дзіцячага сада, якую даглядае дворнік Тамара Чахоўская, якая працуе ў дзіцячым садзе 25 год. Начныя гаспадыні ў дзіцячым садзе – гэта нашы вартаўнікі Алена Нікіцянава і Жанна Звягава.
Трэба адзначыць, што Забалацкі дзіцячы сад неаднаразова ўзнагороджваўся Дыпломамі і Ганаровымі граматамі Рагачоўскага райвыканкама.
Установа стала пераможцам спаборніцтва “Лепшая ўстанова года” сярод сельскіх дашкольных устаноў Рагачоўскага раёна і заняла трэцяе месца сярод сельскіх дашкольных устаноў Гомельскай вобласці.
Людміла КАРАНЧУКОВА.