Мы, вучаніцы Кісцянёўскай базавай школы Аліса Сіўцова і Маргарыта Хапанчук,  з ранняга дзяцінства цікавімся гісторыяй сваёй малой радзімы. Старонкі мінулага родных мясцін адлюстраваны ў экспазіцыях нашага школьнага музея «Спадчына». Як члены савета мы ўдзельнічаем у зборы краязнаўчага матэрыялу і праводзім экскурсіі для наведвальнікаў. Сёння прапануем чытачам «Свабоднага слова» пазнаёміцца з нашай «Спадчынай».

Дзейнасць школьнага гісторыка-культурнага музея «Спадчына» пачалася ў 2007 годзе, калі быў адкрыты этнаграфічны куток. Ініцыятарам яго стварэння была Ніна Чараўцова, якая зараз працуе дырэктарам школы. Актыўны ўдзел таксама прымалі работнікі школы, вучні, члены аб’яднання па інтарэсах «Гістарычнае краязнаўства». У зборы экспанатаў удзельнічалі жыхары Кісцянёўскага сельсавета і асабіста старшыня сельвыканкама Ігар Анціповіч, выпускнікі школы. Сваімі парадамі і кансультацыямі дапамагалі ра-ботнікі Рагачоўскага музея народнай славы і раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
У 2015 годзе школьны этнаграфічны куток набыў статус этнаграфічнага музея. У 2020 годзе его профіль зменены на гісторыка-культурны.
За перыяд дзейнасці музея былі сабраны матэрыялы для чатырох экспазіцый.
Галоўнае месца ў экспазіцыі «Культура і побыт жыхароў вёскі Кісцяні» займаюць прадметы гаспадарчай дзейнасці: прылады працы, рэчы сялянскага побыту, якімі карысталіся нашы продкі. Адна з частак выставы прысвечана ткацтву на тэрыторыі Кісцянёўскага сельсавета. Тут прадстаўлены саматканыя вырабы: абрусы, рознакаляровыя посцілкі, вышываныя ручнікі, палавікі, жаночае і мужчынскае адзенне. У музеі можна пазнаёміцца і з работамі мясцовых майстроў, якія займаліся саломапляценнем, вязаннем, вышываннем.
Вялікую цікавасць у на-ведвальнікаў музея выклікае раздзел «Гісторыя школы». На фотаздымках можна знайсці сваіх родзічаў і бацькоў, якія тут навучаліся. Таксама выпускныя фатаграфіі вучняў, медалістаў, першых выпускнікоў школы 1954 года, настаўнікаў, што адпрацавалі ў гэтай установе больш за 30 гадоў. Экспазіцыя расказвае пра гісторыю заснавання школы. Першыя звесткі пра яе сустракаюцца ў памятнай кнізе Віленскай навучальнай акругі ў 1868 годзе, калі ў нашай вёсцы было адкрыта Кісцянёўскае народнае вучылішча. Прадстаўлены матэрыял пра дырэктароў, якія працавалі ў школе ў розныя гады, настаўнікаў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Наступная экспазіцыя – «Рагачоўшчына літаратурная». Родную вёску праславіў знакаміты літаратуразнавец, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Юльян Пшыркоў, які нарадзіўся ў Кісцянях 31 кастрычніка 1912 года. Сабраны фотаздымкі, работы і цікавыя матэрыялы. Пазней у аўтабіяграфіі Юльян Сяргеевіч напіша: «Мясцовасць наша прыгожая, сяло стаіць на правым беразе Дняпра. Навокал такое хараство, што, здаецца, не адрываў бы вачэй».  
Дзейнічае фотавыстава, прысвечаная беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, для якога  Рагачоўшчына была тым месцам, дзе ён з задавальненнем працаваў, адпачываў, сустракаўся з цікавымі людзьмі. Тут ён напісаў многія свае творы. Асабліва Уладзіміру Караткевічу падабалася вёска Кісцяні: «… а вышэй ад горада лясы ідуць, і вёскі на адхонах такія, што сэрца заходзіцца ад замілавання. Адны Кісцяні чаго варты!». Падзеі аповесці «Сівая легенда» адбываюцца ў Кісцянёўскім замку.
Асобная старонка «Наш край ў гады Вялікай Айчыннай вайны» прысвечана нашым  землякам, якія актыўна змагаліся супраць ворагаў, салдатам, якія загінулі пры вызваленні вёскі Кісцяні. Асобна можна знайсці інфармацыю пра генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Рагачоўскага раёна.
Члены савета музея папаў-няюць матэрыяламі дзеючыя экспазіцыі, удзельнічаюць у раён-ных, абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсах.
У школьным музеі право-дзяцца экскурсіі, класныя і інфармацыйныя гадзіны, выставы-прэзентацыі, пазакласныя мерапрыемствы.
Дзверы «Спадчыны» заўсёды адчынены для ўсіх тых, хто хоча дакрануцца да гісторыі нашых продкаў!

Рубрыку вядзе
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама