Беларусь – адно слова, а так многа для мяне значыць! Гэта мой дом, мая сям’я, мае бацькі. Гэта тое, што дае птушцы крылы, а многім з нас дапамагае знайсці сваё месца ў жыцці, сваё прызначэнне. Тут наша гісторыя, нашы карані, наша мілагучная, сакавітая родная мова.
Чаму да нас з задавальненнем едуць людзі з іншых краін, з-за мяжы? Яны не ведаюць нашай мовы, звычаяў, а застаюцца тут жыць, вучыцца, прымаюць беларускае грамадзянства, ствараюць свае сем’і, нараджаюць дзяцей, лічаць маю зямлю сваім другім домам. Чаму? Таму што беларусы па характары не агрэсары, не захопнікі, а працаўнікі і стваральнікі. Маю краіну нездарма называюць сінявокай: яна славіцца рэкамі і азёрамі, лекавымі крыніцамі, маляўнічымі лясамі. Гэта дзяржава са старажытнай гісторыяй, багатымі традыцыямі, незалежная і гасцінная, краіна славы воінскай, партызанскай.
Мы з павагай захоўваем гістарычную памяць у імя светлай будучыні, ганарымся сваімі героямі-прадзедамі, якія абаранілі нашу зямлю ад ворагаў, сваёй мужнасцю і нястомнай працай паказалі нязломнасць, стойкасць.
Дзякуючы ўсямернай падтрымцы дзяржавы, сёння існуюць добрыя ўмовы для заняткаў спортам: пабудаваны школы алімпійскага рэзерву, стадыёны. З кожным годам спартыўная скарбонка папаўняецца ўсё новымі ўзнагародамі.
Высокія тэхналогіі – аблічча любой краіны. 2024 год – Год якасці ў нашай рэспубліцы. Мы паспяхова выкарыстоўваем у вытворчасці розныя прагрэсіўныя тэхналогіі, якія дэманструюць наша, беларускае, сярод іншых. У нас высокая якасць не толькі тавараў, але і машынабудавання, металургіі, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі. Якасць ва ўсім.
Мы і космас пакарылі!
Як вядома, будучае нацыі залежыць ад яе здароўя. Медыцына дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння. Створаны і ажыццяўляюцца буйныя сацыяльныя праграмы, разлічаныя для розных катэгорый насельніцтва. У прыватнасці, для пенсіянераў існуе Фонд сацыяльнай абароны.
Беларусь – цэнтр культурнага прыцягнення і сілы. Як грандыёзна і гучна праходзіць Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску. Я шчыра радуюся, што дзяржава дае і дарослым, і дзецям магчымасць рэалізаваць свае жаданні, таленты. Гэта цудоўна!
Вельмі ганаруся, што мае бацькі выхоўвалі мяне сціплым, працавітым, вучылі з павагай адносіцца да чалавека, любіць сваю малую радзіму.
Вы запытаеце: “Што дае Беларусь адоранай і таленавітай моладзі?” Адкажу так: “Пуцёўку ў жыццё”. Я вучань 11 класа, заканчваю школу, наперадзе мяне чакаюць экзамены і паступленне. Нам, маладым, адчынены дзверы ва ўсе ўстановы адукацыі, мы маем магчымасць атрымаць прафесію па душы, дасягнуць поспеху і цвёрда стаць на ногі.
Беларусь – унікальная краіна з вялікімі магчымасцямі для ўсіх людзей: вучыцца, працаваць, творча расці, жыць з добрымі намерамі, уносіць свой уклад у далейшае развіццё і ўмацаванне роднай краіны.
Дзяніс СТАРАВОЙТАЎ,
прэс-сакратар ДУА
“Сярэдняя школа № 6
г. Рагачова”.