Вялікае літаратурнае свята адбылося ў вёсцы Хатоўня Рагачоўскага раёна. Тут у сельскім Доме культуры прайшла вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння славутага земляка - пісьменніка, драматурга і публіцыста Васіля Ткачова.
Вялі мерапрыемства яго ініцыятары і арганізатары – дырэктар СДК Наталля Драздова і загадчыца Хатаўнянскай сельскай бібліятэкі Таццяна Лізунова, якая аформіла выстаўку кніг і публікацый, зрабіла агляд твораў пісьменніка, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прэміі імя Васіля Віткі. І сам Васіль Юр’евіч Ткачоў, дэманструючы фотаздымкі, падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства, якое прайшло сярод дарагіх яму людзей у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна, дзе нарадзіўся будучы пісьменнік, і ў вёсцы Іскань Быхаўскага раёна, дзе ён вучыўся ў васьмігадовай школе. Як падкрэсліў пісьменнік, амаль усе станоўчыя героі шматлікіх ягоных твораў узяты з асяроддзя землякоў, якіх аўтар выдатна ведаў. І цяпер ён падтрымлівае цесныя стасункі з жыхарамі мясцовых населеных пунктаў, ведае іх клопаты і турботы, увасабляе вобразы землякоў, іх бацькоў і дзядоў, увекавечвае ў сваіх апавяданнях, аповесцях, рамане, п’есах, эсэ і іншых творах.
І за гэта яму вялікую падзяку на вечарыне выказвалі самі землякі – настаўнікі, работнікі культуры, сельвыканкама, вяскоўцы, якія добра ведаюць творчасць Васіля Ткачова, любяць яго самога і ягоныя кнігі. Шчыра жадалі пісьменніку моцнага здароўя, новых творчых поспехаў, дарылі кветкі і падарункі на памяць.
Віталі юбіляра і госці – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, Мікола Леўчанка, Уладзімір Шпадарук, Міхась Сліва, Віктар Купрыянчук. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч ад імя праўлення Саюза пісьменнікаў урачыста ўручыў Васілю Ткачову самую высокую пісьменніцкую ўзнагароду – медаль “За вялікі ўклад у літаратуру”, а таксама Ганаровую грамату абласной пісьменніцкай арганізацыі.
Шмат цёплых слоў і пажаданняў выказаў у сваім выступленні і госць з Быхаўшчыны – паэт, празаік, публіцыст, лаўрэат шматлікіх прэмій за дасягненні ў літаратурнай і журналісцкай дзей-насці, галоўны рэдактар газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікола Леўчанка, які прывёз Васілю Юр’евічу не толькі падарункі, але і вельмі дарагога для юбіляра чалавека – ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара Ісканскай базавай школы, настаўніцу Васіля Ткачова – Галіну Сцяпанаўну Шульга.
Пісьменніка-юбіля-ра горача віталі таксама рагачоўскі паэт і мастак Міхаіл Міронаў, ветэран бібліятэчнай справы Нінэль Падгурская, супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Голубева і Вольга Бондарава, дырэктар Рагачоўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Седлер, старшыня Журавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Драздова, аднакласнікі, родзічы пісьменніка і многія іншыя.
Усіх – і гасцей, і гледачоў, а іх была поўная зала – парадавала ігра прафесійных і сама-дзейных акцёраў, якія паказалі драматычныя творы Васіля Ткачова. Гэта пісьменнік і артыст Аляксей Бычкоў з Гомеля, тэатр Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны “Люстэрка” (урывак са спектакля “Гомельскія байкі”), навучэнцы мясцовай школы (урывак з п’есы “Нехта ходзіць пад акном”).
На вечарыне выконваліся песні, танцы, імпрэзы. Яркае майстэрства прадэманстравалі спевакі-хатаўнянцы Сяргей Філіпчанка і яго бацька Іван Сяргеевіч, спявачкі Святлана Пахомава, Аксана Ключнікава, Святлана Акінчыц, спявачка і танцоўшчыца Ларыса Верамеева, ансамбль Хатаўнянскага СДК “Сустрэча”, трыо “Тры Іванавічы” і іншыя цудоўныя выканаўцы.
Выконваліся і песні Сяргея Філіпчанкі, сапраўднага самародка – выдатнага спевака, паэта і кампазітара, былога мастацкага кіраўніка сельскага Дома культуры, які шмат карыснага зрабіў для развіцця культуры на Рагачоўшчыне, уносіць свой важкі ўклад і цяпер. Дарэчы, яму вельмі ўдзячная загадчыца бібліятэкі Таццяна Лізунова за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні вечарыны, прысвечанай пісьменніку-земляку. Падзяку выказвае яна і начальніку аддзела па справах моладзі райвыканкама Вераніцы Шусцер за матэрыяльную дапамогу, а таксама работнікам аддзела культуры і цэнтральнай раённай бібліятэкі за падтрымку.
Мерапрыемства працягвалася больш чатырох гадзін, але было такім цікавым і насычаным, што праляцела як адно імгненне. Імгненне яркае, адметнае, як і талент Васіля Ткачова, і назаўжды застанецца ў памяці і сэрцах яго ўдзельнікаў.
Міхась КАВАЛЁЎ.