Як рагачоўцы завіталі ў “Ладдзю роспачы”
Райска-пякельнае кафэ “Ладдзя роспачы” адчыніла свае дзверы ў Рагачове ўсяго на адзін вечар. І той, каму пашанцавала завітаць туды, дадому вярнуўся зусім іншым чалавекам. Чым жа новы спектакль Рагачоўскага народнага тэатра так уразіў мясцовых гледачоў і чаму п`еса “Апошняе каханне” па матывах аповесці “Ладдзя роспачы” Уладзіміра Караткевіча – з прыстаўкай “маралітэ”, чытайце ў нашым артыкуле.
Калі ў афішы будучай пастаноўкі рагачоўцы заўважылі імя рэжысёра Наталлі Каваленка, адразу зразумелі: спектакль будзе незвычайны і мудрагелісты (у самым добрым сэнсе гэтага слова). І не памыліліся. Здзіўляць мясцовую публіку артысты пачалі яшчэ да пачатку прадстаўлення, калі занялі месцы ў глядзельнай зале. Заўважыўшы суседзяў у дзіўнай вопратцы, рагачоўцы не адразу здагадаліся, што побач з імі – героі спектаклю. Такім чынам персанажы выйшлі з народу і быццам бы сталі ўвасабленнем грахоўных чалавечых якасцяў: Сквапнасці (Гервасій Выліваха – Дзмітрый Пінькоўскі), Адрачэння (Бярозка – Любоў Серадова), Сімуляцыі (Міхаіл Сідараў), Агіды (Таццяна Голубева), Смутку (Наталля Пыраева), Пералюбу (Вераніка Правалоцкая), Цягі да алкаголю (Аляксей Антонаў), Гонару (Вольга Матвеенка), Ляноты (Сяргей Шчур), Сціпласці (Яна Матвяйкова).
Месцам іх сустрэчы стала кафэ “Ладдзя роспачы”, дзе гаспадарыла сама Смерць (Таццяна Краўцова). Госці, якія забыліся Бога і страцілі чалавечае аблічча, з запалам аддаваліся граху і выпускалі ў абсурдных танцах сваіх унутраных дэманаў. А Смерць з жалем назірала за гэтым балем грахоўнасці і, незважаючы ні на што, спадзявалася, што людзі адумаюцца і стануць людзьмі – захочуць жыць, любіць, марыць, у іх вачах запаліцца агонь пытлівасці і смагі да жыцця.
Менавіта Надзея і стала ўвасабленнем Смерці, якая любіла жыццё, аднак лёс быў да яе нядобразычлівым. І яе маналог аб страчаным каханні, які, дарэчы, адсылае гледачоў да апавядання “Паром на бурнай рацэ” Караткевіча, – кульмінацыя спектаклю. У гэтым эпізодзе Смерць паўстае сапраўдным чалавекам, які некалі і сам кахаў, марыў і ўмеў радавацца кожнай хвіліне. І сёння, набыўшы прафесію – касіць чалавечае жыццё, яна не страціла сэрца і дае чалавеку магчымасць стаць лепшым. Але, на жаль, не ўсе выкарыстоўваюць яшчэ адну магчымасць, не ўсім шанцуе перамагчы ў шахматнай партыі з самой Смерцю. І ладдзя роспачы забірае іх туды, адкуль яны не вяртаюцца.
У фінале Смерць прызывае: “Любіце і цаніце жыццё. І заўсёды насіце сваё неба з сабой! Да сустрэчы, людзі!...”. Пасля гэтых слоў унутраны свет гледачоў пахіліўся, многіх прымусіў задумацца: “А ці правільна я жыву?”. Адказ на гэтае важнае пытанне можам даць толькі мы самі, бо ніхто не прымяраў наш абутак і не хадзіў нашымі жыццёвымі сцежкамі. Артысты спектаклю, між тым, прапанавалі рагачоўцам свой абутак: у эпілогу п`есы яны скінулі з ног груз жыцця. Толькі вось жадаючых яго прымерыць не знайшлося…
Слова – рэжысёру Наталлі КАВАЛЕНКА:
- Гэты спектакль нарадзўся ў маёй галаве нечакана. Як, дарэчы, і ўсе астатнія. Творчы выбліск – і праз кароткі час сцэнарый ужо быў гатовы. Мая каманда артыстаў падтрымала ідэю, і мы адразу ж прыступілі да рэпетыцый.
У маёй інтэрпрэтацыі Караткевіча галоўнай задачай было паказаць Смерць з іншага боку, даць магчымасць гледачам зразумець яе матывы і дзеянні. Паказаць, што забіраць жыццё – гэта зусім не жаданне Смерці, а яе работа. І што перад тым, як адпраўляць чалавека ў іншы мір, яна дае яму надзею. Надзею зразумець свае памылкі і пачаць жыць з чыстага ліста. Хочацца верыць, што ў мяне атрымалася. Ва ўсялякім выпадку Смерць у выкананні Таццяны Краўцовай атрымалася жывой і эмацыянальнай. Усе мае народнікі выканалі свае ролі, як заўсёды, добрасумленна і таленавіта. Асобная падзяка – дэкаратару Наталлі Гудковай: яе сцэнічнае афармленне дапамагло яшчэ глыбей прачуць спектакль.
Чаму маралітэ? Таму што гэтая п`еса падобная на абсурдную байку, якая змяшчае мараль, – вучыць жыць і напаўняць сваё жыццё сэнсам. І гэта цудоўна – мець магчымасць праз мастацтва данесці да людзей свае думкі і разважанні.
http://www.slova.by/kultura?start=120#sigProId3ad7d43990
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Здымкі Раісы БАРАВОЙ.
Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.