Сёлета ансамбль народнага танцу «Медуніца» Побалаўскай дзіцячай школы мастацтваў святкуе сваё 25-годдзе. Зусім нядаўна калектыў вярнуўся з X Міжнароднага шматжанравага фестывалю «Дняпроўскія хвалі», дзе атрымаў Гран- пры за танец «Вясковыя пастукалкі», а таксама два Дыплома лаўрэата I ступені за харэаграфічную замалёўку «Пляткаркі» і сола-танец «Удалы казак». Аб гісторыі, сучасным стане і будучыні «Медуніцы» напярэдадні юбілею ансамбля паразмаўлялі з яго заснавальніцай і кіраўніцай Юліяй Казловай.

–      Юлія Віктараўна, як з’явілася «Медуніца»?

–      Гэта было ў 1998 годзе. Я працавала настаўніцай і ў аднойчы вырашыла, што прыйшоў час рухацца далей і стварыць уласны ансамбль. І стварыла. А праз кароткі час, у 2003 годзе, калектыў ужо атрымаў званне ўзорнага.

–      Чаму ў ансамбля такая назва?

–      Над назвай думалі разам з дзецьмі. А натхнілі нас медуніцы, што раслі каля школы. Гэта такая расліна, дзе на адным сцябле могуць быць кветкі розных колераў і адценняў: фіялетавага, ружовага, сіняга і іншых. Такая ж, як і удзельнікі нашага калектыву – розныя, але аб’яднаныя любо’ю да танцу і вялікім талентам. Вось так і з'явілася «Медуніца».

–      Раскажыце аб конкурсе «Дняпроўскія хвалі». Як там усё адбываецца?

–      Гэта ўжо дзясяты па ліку фестываль мастацтваў, які праходзіць у Магілёве. Даволі сур’ёзны конкурс, удзел у ім прымалі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі Бранска, Смаленска. Там ёсць раздзел «харэаграфія», а ў ім – «народны танец». I вось мы за свае «Вясковыя пастукалкі» атрымалі Гран-пры. I гэта для нас вялікая пашана, бо галоўная задача «Медуніцы» – як раз і захаваць беларускі народны танец. Мы павінны ведаць сваю культуру, сваю гісторыю, і праз танец перадаваць гэтае багацце дзецям.

–      Хто дапамагае вам кіраваць «Медуніцай»?

– Зараз у нас два кіраўніка. Дзесяць гадоў таму прыйшоў Юрый Уладзіміравіч Шаўцоў, і мы разам ужо непадзельнае цэлае – даволі гарманічна далаўняем адзін аднаго

–      Юлія Віктараўна, раскажыце, як нараждаецца ластаноўка.

–      Усё пачынаецца з задумкі. Напрыклад, ідэя «Вясковых пастукалак» з’явілася на адным з вакальных конкурсаў. Там быў фальклор, дзе мы пабачылі вось гэтыя ступкі. Вырашылі зрабіць адмысловую пастаноўку: дзеці трымаюць у руках стулкі і песцікі, якімі нашыя продкі расціралі травы, і адлюстроўваюць гэты працэс на сцэне ў выглядзе танца. Музыкі няма – рытм задаецца ступкамі і нагамі. Вось у гэтым унікальная ідэя нашага калектыву. Затым – абавязковая шліфоўка вобраза: традыцыйныя строі, прычоскі, макіяж – усё, каб цалкам перадаць вясковы вобраз. Менавіта за такую дэталёвую распрацоўку мы і атрымалі Гран-пры. Варымся, так сказаць, у народных танцах: у нас ёсць і традыцыйныя «Лявоніха», і «Весялуха» – гэта даволі знакамітыя беларускія танцы. Аднак зараз капаем глыбей: шукаем нешта менш знаёмае, аднак пра што ведаюць нашыя бабулі і дзядулі. А затым перадаем гэтыя веды малодшаму пакаленню.

–     Якім чынам вырабляюцца касцюмы?

–     У нас ёсць аснова для беларускага касцюма: кашулі, вельмі багата фартухаў. Штосьці дапрацоўваем самастойна, аднак уласным шыццём не займаемся. У Мінску ёсць фірма «Скарбніца», якая дапамагае нам з касцюмамі. Перадаем туды эскізы, якія ствараем самі, а там ужо па гэтых эскізах робяць нам сцэнічнае адзенне. Штосьці шыем уручную – у нас ёсць дзяўчыны-касцюмеркі, якія гэтым займаюцца. Аднак базу для касцюма ўсё ж ствараюць прафесіяналы.

–     Юлія Віктараўна, колькі дзяцей зараз займаецца ў ансамблі?

–     У нашым калектыве 60 дзяцей ад 6 да 16 гадоў з Побалава і суседняга Вострава. У апошні час стала даволі багата хлопцаў. За гэта шчырая падзяка Юрыю Ўладзіміравічу. Усё ж такі мужчынскія танцы павінен ставіць менавіта мужчына.

–     Ці ёсць сярод выпускнікоў «Медуніцы» такія, хто звязаў сваё жыццё з танцамі?

–     Безумойна. Напрыклад, Ягор Мельнікаў знайшоў сябе ў харэаграфіі і зараз навучаецца ва Універсітэце культуры і мастацтваў у Мінску. Таццяна Гурына ўжо скончыла гэты ўніверсітэт і зараз выкладае харэаграфію ў сталіцы Яшчэ адна дзяўчына Караліна Бяляева зараз працуе харэографам у Кітаі. Ёсць некалькі дзяўчынак, якія вывучаюць харэаграфію ў магілёўскім каледжы.

–     На якіх знакамітых пляцоўках вашаму калектыву даводзілася выступаць?                                                                                                        

–     Некалькі гадоў запар мы выступалі на «Славянскім базары» у Віцебску У Чэхіі чатыры разы прымалі ўдзел у фестывалі «Залатая сцежка». У Маскве таксама. У Нежыне, што ва Ўкраіне, быў конкурс «Квітневі выкрутасы» – там у свій час мы ўзялі чатыры залатыя ўзнагароды. У мінулым годзе выступалі на Дне пісьменнасці ў Добрушы, на галоўнай сцэне. Таксама ў 2022-м прымалі ўдзел у конкурсе «Дэнс конгресс» – першым рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва. Там мы ўзялі ўзнагароду «Национальное наследие» і атрымалі прэмію ў 100 базавых велічынь.

–     Якія планы на будучыню?

–     У траўні жадаем зладзіць канцэрт з нагоды 25-годдзя ансамбля. Ён адбудзецца ў Побалаве. Таксама плануем прыняць удзел у фестывалях «Дэнс .конгресс» І «Хоровод друзей». Насамрэч багата розных планаў, аднак яны аб’яднаны агульнай ідэяй – захаваць беларускі танец!

– Упэўнены, што дзякуючы «Медуніцы» культурная спадчына нашай малой радзімы – у надзейных руках!

 

Іван АКСІНУШКІН,

студэнт 4 курса факультэта журналістыкі БДУ.

 

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама