[caption id="attachment_2313" align="alignleft" width="227"]Іван Шамякін і Андрэй Макаенак Іван Шамякін і Андрэй Макаенак[/caption]

12 лістапада 2010 года спаўняецца 90 год з дня нараджэння славутага беларускага драматурга, пісьменніка-сатырыка Андрэя Макаёнка.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак – наш зямляк. Нарадзіўся ён 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Закончыў Журавічскую сярэднюю школу.

Удзельнік Вялікай Айчынай вайны. Пасля цяжкага ранення працаваў настаўнікам у Грузіі. А пасля вызвалення Рагачоўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вяртаецца на радзіму, працуе на камсамольскай і партыйнай рабоце.

Затым Андрэй Ягоравіч заканчвае Рэспубліканскую партыйную школу і працуе ў часопісе сатыры і гумару “Вожык”. У гэты час малады пісьменнік сустракаецца з Кандратам Крапівой, па яго парадзе пачынае пісаць фельетоны і пьесы.

У 1966 – 1978 гадах Андрэй Макаёнак – таленавіты пісьменнік, актыўны ўдзельнік літаратурнага жыцця краіны – працуе рэдактарам рэспубліканскага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Нёман”, дапамагае маладым пісьменнікам у творчасці і жыцці. Асабістым прыкладам натхняў іншых пісьменнікаў на стварэнне высокамастацкіх твораў.

У гэтыя і пазнейшыя гады Андрэй Макаёнак напісаў камедыі “Выбачайце, калі ласка!”, “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце”, “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Святая прастата”, “Таблетку пад язык”, “Верачка”, “Пагарэльцы”. Творы выдатнага пісьменніка-сатырыка друкаваліся ў часопісах і кнігах, гучалі па радыё, па іх ставіліся спектаклі на многіх мовах народаў Савецкага Саюза і за мяжой.

Па сцэнарыях драматурга зняты фільмы “Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Рагаты бастыён”, тэлефільм “Пасля кірмашу”.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яму было нададзена высокае званне – народны пісьменнік Беларусі.

Памёр Андрэй Ягоравіч Макаёнак у 1983 годзе.

Імем славутага пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і іншых гарадах, устаноўлены помнікі, у тым ліку і ў аграгарадку Журавічы. Яго імя носіць Журавіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзе створаны і працуе музей Андрэя Макаёнка.

Міхась КАВАЛЁЎ.