Бяскрайнюю любоў да роднай прыроды нашы юныя землякі традыцыйна прадэманстравалі ў конкурсе на лепшы дзіцячы малюнак экалагічнай тэматыкі “Біялагічная разнастайнасць – аснова жыцця на Зямлі”. У раённым этапе мастацкіх спаборніцтваў прынялі ўдзел 105 навучэнцаў з 23 школ Рагачоўшчыны.
І хаця зрабіць гэта было зусім непроста, але члены журы — прадстаўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, рэдакцыі газеты “Свабоднае слова”, раённага аддзела адукацыі, цэнтра турызма і краязнаўства, Рагачоўскай дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў і іншых устаноў нашага раёна — назвалі імёны пераможцаў конкурсу.
Так, лепшыя малюнкі выканалі Дар`я Кузмянкова (Запольскі НПК) і Алёна Маспанава (Азяранскі НПК), другое месца занялі Ганна Апекунова (Хатаўнянская СШ), Таццяна Баранава (Вялікакрушынаўская БШ), Данііл Ярмолін (СШ №5) і Сяргей Фурсанаў (Запольскі НПК), бронзавымі прызёрамі сталі Яўгенія Лісіменка (Станькаўская БШ), Марыя Цырынкова (СШ №2), Ягор Крыжэўскі (Запольскі НПК), Ангеліна Філімонава (Станькаўская БШ), Таццяна Фісенка (Кашарскі НПК).
У намінацыі на лепшую аплікацыю раўных не было Веры Аўдзеевай (Доўская гімназія), сярэбраную ўзнагароду атрымала Ганна Панедзькова (Доўская гімназія), трэцяй стала Ганна Шутава (гімназія горада Рагачова).
Цудоўныя работы раённых лаўрэатаў “зялёнага” конкурсу, які павінен садзейнічаць фарміраванню экалагічнай культуры ў дзяцей, выхаванню беражлівых адносін да прыроды і развіццю творчых здольнасцей малодшых школьнікаў, прымуць удзел у абласным этапе.
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.