Удалым гэты год атрымаўся для пісьменніка з Гомеля Васіля Ткачова. За кнігу прозы “Снукер” (серыя “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”, выдавецтва “Харвест”) ён уганараваны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў нашай краіны, а лепшыя апавяданні  ў перакладзе на рускую мову пад назвай “Под городом Горьким” пабачылі свет у выдавецтве “ Чатыры чвэрці”.

І вось новая кніга пісьменніка – “Булачка”, якая выдадзена гомельскім выдавецтвам “Барк”. Гэта кніга своеасаблівая: у ёй сабраны лепшыя гумарэскі Васіля Ткачова на мове арыгінала і ў перакладзе на рускую і украінскую мовы. Калі з беларускай мовы  на рускую пераклад зрабіў сам аўтар, то на украінскую  – Алена Мацвіенка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса-гамяльчанка, якая ў свой час закончыла школу ў Украіне і сама піша, дарэчы, на трох мовах.

Прадмову да кнігі напісала галоўны рэдактар альманаха “Вожык” Юлія Зарэцкая, а вокладку намаляваў вядомы мастак-карыкатурыст Алег Папоў.

Несумненна, кніга гумару “Булачка” стане добрым падарункам усім аматарам гумару. Вядома ж, і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці. Таму верыцца, што трохмоўны смех Васіля Ткачова будзе далёка чуваць. Калі яшчэ ўлічыць і тое, што “Булачка” выдадзена нядрэнным па сённяшнім часе накладам –  1000 асобнікаў.

Міхась СЛІВА.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама