Міхася Сліву няма патрэбы прадстаўляць тым аматарам літаратуры, якія любяць пасмяяцца. Ён даўно прызнаны і запатрабаваны аўтар, выдаў кніжкі гумару “Усмешка Джаконды”, “Прыгожыя караблі”, “Запрашаю ўсміхнуцца”, “Ход канём”, “Сустрэліся кум з кумой” і “Віртуальнае каханне”. Апошняя кніга, дарэчы, прынесла Міхасю Сліве перамогу на рэспубліканскім конкурсе “Лепшы твор 2009 года” ў галіне сатыры і гумару.
І вось перад намі новая кніга Міхася Слівы “Радасць жыцця” (Мінск, 2011). У ёй сабраны гумарэскі і мініяцюры, напісаныя ў апошні час, а таксама яго перастварэнні на беларускай мове твораў замежных пісьменнікаў, сярод якіх – расіяне Юрый Міхалетаў і Эдуард Угулава, украінцы Астап Вішня, Рыгор Шыян, Людміла Каліноўская, Павел Кушч, Аркадзь Тондзій, Віктар Семяняка, Алег Чарнагуз і Ігар Лагаза, чэхі Яраслаў Гашак, Герберт Крацэр і Карал Чапек, паляк Януш Асенка, француз Фларэнс Рэмі і іншыя.
Творы Міхася Слівы могуць быць выкарастаны і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці.
Як сказаў французкі філосаф Жан Мары Гюо, страчаны дзень – той, на працягу якога вы ні разу не засмяяліся. Прачытаўшы новую кнігу гумару Міхася Слівы, вы пераканаецеся, што дзень не быў страчаны.
Васіль ТКАЧОЎ, пісьменнік, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.