Мікалай Ігнатавіч Янчанка нарадзіўся 22 чэрвеня 1931 года ў вёсцы
Забалацце Магілёўскага раёна. Ён скочыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута.
Так сталася,што ён у свае трыццаць год звязаў свой лёс з Рагачоўшчынай. Працаваў у Дварэцкай школе, быў выхавацелем Гарадзецкай школы-інтэрната. Пасля стаў на журналісцкую дарогу.
У 1961 годзе я,літаратурны работнік Рагачоўскай раённай газеты “Камунар”, быў прызначаны загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі гэтай газеты. Неўзабаве ў газеце з’явіўся Miкола Янчанка. Яго ўзялі літаратурным работнікам у мой аддзел.
Прыпамінаю некалькі тагачасных выпадкаў. Аднойчы ён паехаў у камандзіроўку ў калгас імя Леніна Гарадзецкага сельсавета. У яго было заданне расказаць аб Марыі Карнушэнка—загадчыцы перадавой у раёне Сямінаўскай жывёлагадоўчай фермы.
Якім жа было маё здзіўленне, калі аповяд аб загадчыцы фермы,члену партыі заканчваўся вершаванымі радкамі:
Как приятно окно ей открыть,
Поздороваться с яблоней близкой,
Хорошо с чистой совестью жить,
Хорошо в жизни быть коммунисткой.
Ужо тады ён хварэў паэзіяй. Толькі пісаў на рускай мове.
У сельгасаддзеле я прапрацаваў з Янчанкам да 1962 года. I не таму, што не спрацаваўся з ім. Здарылася непрадбачнае. ЦК КПСС і асабіста Хрушчоў заняліся рэарганізацыяй органаў улады. Замест аднага рашылі зрабіць два абкамы партыі:прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Пачалося стварэнне міжраённых аб’яднанняў. У нас было створана Жлобінскае міжраённае аб’яднанне,у якое ўвайшлі Рагачоўскі і Кармянскі раёны. У Рагачове і Карме былі ліквідаваны раённыя газеты. А Жлобінская міжраённая газета стала называцца газетай абкама партыі.
Мне прапанавалі ў Жлобіне пасаду карэктара газеты. Я катэгарычна адмовіўся. Уладкаваўся літаратурным работнікам у Гомельскую міжраённую газету,якая размяшчалася ў Гомельскім раёне.
Прайшоў адзін год. Усе пераканаліся ў няўдалым эксперыменце. У Гомельскай вобласці стаў зноўку адзін абкам партыі. Былі адноўлены ў тых раёнах , дзе былі скасаваны, газеты. У Рагачове стаў зноўку выходзіць "Камунар".
Я вярнуўся ў Рагачоў, рэдактарам да нас прыйшоў Канстанцін Ніжнікаў,які працаваў у Жлобіне. Ен перацягнуў адтуль Міколу Янчанку. Мікола рос не толькі як газетчык, а таксама.як літаратар. Я ўжо быў намеснікам рэдактара, а ён адказным сакратаром рэдакцыі.
У 1971 годзе ён выдаў першую кніжку паэзіі над назвай "Разнатраў’е".
—Miкола,—запытаў я ў яго,—калі ты пачаў пісаць вершы?
Ён засмяяўся, пацёр свой лоб і адказаў:
— Чытаў я многіх паэтаў, чытаў доўга і многа, а аднойчы і сам паспрабаваў пісаць. Атрымлівалася нешта смешнае, але ж і рыфмы атрымліваліся.
Чытаеш ягоныя вершы і па-шчыраму зайздросціш яго знаходкам.
Вершы напаўняюцца радасцю і таемнасцю жыцця.У яго вершах адчуваецца пульс сучаснасці. Лірычны герой цесна звязаны з прыродай. Бачна тое, наколькі прыродныя з"явы ўплываюць на паводзіны чалавека.
Напрыклад, баразна, поле, насенне з’яўляюцца не толькі паэтычнымі дэталямі,але пастаянна жывуць у душы паэта. Паэт умее знайсці дакладныя радкі, якія перадаюць яркасць пачуццяў, любоў да чалавечых багаццяў.
Асаблівая любоў у паэта да зямлі сваіх продкаў і да той зямлі, якая абудзіла іскаркі неспакою,паэтычнасці ягонай душы.
У 1970 годзе я завочна скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, а ў 1973 годзе паступіў у Miнскую Вышэйшую партыйную школу. Ужо працуючы загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі абласной газеты "Гомельская праўда", я не парываў сувязі з Янчанкам. Мы не так часта сустракаліся з ім,але размаўлялі па тэлефону, дзяліліся думкамі. Ён добра адзываўся аб маіх вершах і паэмах, якія друкаваліся ў газеце. Потым я выдаў тры зборнікі вершаў і паэм і адну кнігу прозы.
Але я не дасягнуў яго рубяжа. Мікола выдаў каля дзесяці зборнікаў вершаў.
Прапаную ўвазе чытачоў "Свабоднага слова" верш, прысвечана Міколу Янчанку, які знайшоў вечны прытулак на рагачоўскай зямлі.
Мікола СТАРЧАНКА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.