У Рагачове, які даўно і заслужана носіць славу горада – значнага асяродка культуры, прайшлі Першыя міжнародныя Капланаўскія чытанні “Вяртанне Майстра”.

Прысвечаны яны былі аднаму з лепшых графікаў 20-га стагоддзя, мастаку з сусветным імем Анатолю Каплану. Шырока вядомыя яго цыклы літаграфій (ілюстрацый да твораў класікаў яўрэйскай літаратуры, перш за ўсё Шалом-Алейхема), серыя афортаў пра Рагачоў, малюнкі, пастэлі, гуашы (прысвечаныя роднаму гораду), акварэлі, жывапіс, кераміка (плакеткі, дэкаратыўныя блюды і талеркі, скльптура малых форм у тэхніцы шамота, каляровага паліва і ангоба).

Нарадзіўся мастак у Рагачове 28 снежня 1902 года ў сям’і мясніка (сапраўднае імя Танхум Лейвікавіч). У 1921 годзе пераехаў у горад Петраград (Санкт-Пецярбург), дзе паступіў вучыцца на жывапісны факультэт Акадэміі мастацтваў. Сярод яго настаўнікаў былі такія вядомыя майстры, як А. Рыдлоў, М. Рыдлоў, К. Пятроў-Водкін.

Анатоль Каплан не быў абдзелены ні прыжыццёвай, ні пасмяротнай славай. Лепшыя музеі свету лічылі за гонар набыць яго работы.

Першыя міжнародныя Капланаўскія чытанні адкрыў старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар Банчук, які адзначыў, што Рагачоўшчына дала чалавецтву шмат знакамітых людзей, выдатных дзеячаў літаратуры і мастацтва, і дзякуючы рагачоўцам вяртаюцца на радзіму імёны слаўных прадстаўнікоў культуры. Сярод іх – і мастак Анатоль Каплан.

З цікавымі паведамленнямі выступілі дырэктар Рагачоўскага музея Народнай Славы Міхась Ларычкаў, калекцыянер, мецэнат, аўтар-складальнік і куратар праекта “Авангард на Няве” (г. Санкт-Пецярбург) Ісак Кушнір, загадчыца аддзела малюнка і акварэлі 17-20-га стагоддзяў Дзяржаўнага рускага музея (г. Санкт-Пецярбург) Наталля Козырава, дырэктар Цэнтра “Пецярбургская іудаіка” (г. Санкт-Пецярбург) Валерый Дымшыц, мастацтвазнаўца з Санкт-Пецярбурга Ірына Мамонава, дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая. У мерапрыемствах актыўны ўдзел прынялі загадчык аддзела рускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Аляксей Хорак, генеральны дырэктар Гомельскага палаца-паркавага ансамбля Алег Рыжкоў, рагачоўскія гісторыкі і краязнаўцы Аляксандр Лейкін і Уладзімір Паладзенка, намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васіль Каральчук і іншыя ўдзельнікі чытанняў, прысвечаных творчасці знакамітага земляка.

Адбылася і дэманстрацыя відэафільма “Анатоль Каплан”, створанага дырэктарам Дзяржаўнага музея выяўленчага мастацтва імя А.С. Пушкіна (г. Масква) І.А. Антонавай для канала “Культура”.

Міхась КАВАЛЁЎ.

Фота Раісы БАРАВОЙ.

Графічныя работы А. Каплана прыцягваюць увагу шматлікіх аматараў мастацтва.

Недостаточно прав для комментирования. Войдите на сайт используя социальные сети.

Войти с помощью

 


  

Яндекс Реклама