На Рагачоўшчыне афіцыйна стартавала жніво. Пачатак яму даў традыцыйны абрад “Зажынкі”, які наладзілі на адным з палеткаў адкрытага акцыянернага таварыства “СГЦ “Зарэчча”, паблізу вёскі Шчыбрын. Удзельнікамі свята сталі кіраўніцтва раёна, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасхарчу, хлебаробы.

Як і належыць, першымі да каласоў дакрануліся сярпы жней.

 

На збожжавым полі выстраілася зернеўборачная тэхніка, камбайнеры, вадзіцелі, артысты, госці. Як і патрабуе абрад, пачалося свята з зажыну першага снапа новага ўраджаю. Жнеі ў нацыянальных касцюмах сярпамі зразалі каласы і складвалі іх ра-зам. Вялікі і важкі сноп – сімвал жыцця і дабрабыту, паказчык багацця і гаспадарлівасці – уручылі старшыні райвыканкама Віталю Сушко. А плеценыя вяночкі перадалі на захаванне гаспадару поля – кіраўніку гаспадаркі Віктару Мамурыну і першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргею Баркоўскаму. Кіраўнікі ўсіх гаспадарак раёна атрымалі лялькі-абярэгі “Крупенечкі” з пажаданнямі дастатку і добрага ўраджаю.

Першы сноп – кіраўніку раёна Віталю СУШКО ( у цэнтры).

 
Старшыня раённага выка-наўчага камітэта Віталь Сушко, вітаючы ўдзельнікаў “Зажынак”, пажадаў усім хлебаробам высокіх намалотаў і працоўнага натхнення і адзначыў, што сёлета збожжавыя і зернебабовыя культуры неабходна ўбраць з 32 тысяч гектараў. Змагацца за ўраджай будуць 96 экіпажаў камбайнаў, 86 адзінак тэхнікі задзейнічаюць для перавозкі збожжа. Надвор’е спрыяла, каб ураджай быў доб-рым, – засталося толькі вырашчанае ўбраць якасна, своечасова, без страт.
З пачаткам важнай сельскагаспадарчай кампаніі механізатараў павіншавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Караткевіч. Яна нагадала, што кожнага з іх чакаюць дома блізкія людзі – трэба не забываць пра ахову працы. Пра тэхніку бяспекі гаварыў таксама інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Калтуноў, які ўручыў хлебаробам памяткі з выявай іконы “Неапалімая Купіна” – ахоўніцы ад пажараў і няшчасцяў.
Протаіерэй Георгій Марты-шэўскі акрапіў тэхніку, хлебаробаў, палеткі святой вадой і ў малітве папрасіў Божага блаславення на адказную, напружаную працу. Настаў час выходзіць у поле – зараз кожная хвіліна на рахунку. Камбайнеры ААТ “СГЦ “Зарэчча” занялі месцы за штурваламі збожжаўборачнай тэхнікі і накіравалі свае магутныя машыны ў хвалі залатых спелых каласоў. Услед за імі адправіліся прэс-падборшчыкі.
У добры час, рагачоўскія хлебаробы!

Аксана РАМАНАВА.
Фото Раісы БАРАВОЙ.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.