Васіль Птушка Ткачоў зноў наведаў Рагачоў

Прыезд знакамітага земляка – заўсёды свята на Рагачоўшчыне, і чарговы візіт пісьменніка на малую радзіму не застаўся без увагі мясцовых журналістаў. Пакуль чытачы і сябар Міхась Сліва збіраліся ў гарадской бібліятэцы № 3, Васіль Ткачоў распавёў, чаму яму далі мянушку Птушка і чаму яго бясплатна вазілі на таксі па Ташкенце.

Для Васіля ТКАЧОВА і ў Расіі, і ва Украіне ў неба ўзляталі не «птицы», а птушкі.

? Васіль Юр’евіч, з якімі пачуццямі Вы наведваеце малую радзіму і як Вас сустракаюць?
– Вельмі цёпла. Прыемна, што многія ведаюць, пазнаюць, чытаюць. У асноўным сустракаюся з землякамі ў Рагачове. У Гуту прыязджаю толькі на могілкі, бо вёскі фактычна няма. Дарэчы, дзеду Якаву і бабе Пелагеі, з якімі я жыў, калі вучыўся ў Ільічоўскай сярэдняй школе, паставіў помнік і напісаў на роднай мове: «Добрых людзей не забываюць».
Зараз хата, у якой маці мяне нарадзіла, крыху перабудаваная, але стаіць. І раўчук застаўся. А раней такая рэчка Гутлянка была! Рыбу лавілі, купаліся – я не даставаў дна.
Ёсць туга па малой радзіме, родныя мясціны бачу ў снах. Так склаўся лёс, што я служыў у Расіі, жыў і ў Казахстане, і ў Туркменістане. Калі скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, мяне па размеркаванні направілі ў туркестанскую ваенную акругу. Там працаваў у газеце. Калі пераехаў у Гомель, таксама звязаў сябе з журналістыкай: быў карэспандэнтам шматтыражкі «Сельмашавец» і газеты «Гомельская праўда». 16 гадоў узначальваў Гомельскую абласную пісьменніцкую арганізацыю. Выдаў амаль 30 кніг, напісаў больш за 70 п’ес. Спектаклі ідуць у тэатрах не толькі нашай Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Украіны.

? Пішаце толькі на беларускай мове?
– Так, люблю працаваць з родным словам. Потым сябе перакладаю на рускую мову. Калі жыў па-за межамі краіны, выпісваў газеты і часопісы на беларускай мове: «Полымя», «Літаратура і мастацтва», «Бярозка», «Вясёлка». Вы ведаеце, зараз я з’яўляюся членам рэдкалегіі часопіса «Вожык», як і Міхась Сліва. На жаль, гасне падпіска. Крыху больш за 600 экзэмпляраў – гэта вельмі мала для краіны. Не цікава людзям. «Чырвонай змены», «Піянера Беларусі» ўжо няма. Што застанецца?

? Як Вы лічыце, сітуацыю можна змяніць?
– Мне вельмі б хацелася, каб беларускамоўных тэкстаў чыталі болей. Тут нельга прымусіць. Хто хоча, той чытае. Мяне ніхто не прымушаў чытаць і пісаць на роднай мове, гэта неяк закла-дзена ўва мне. Чаму я 13 гадоў не жыў у Беларусі, а мову не забыў? Мяне ў вучылішчы нават птушкай называлі. Я гаварыў па-беларуску: «Вунь, птушка паляцела». І пайшло: Васіль Птушка. Мянушка не прыстала, але ж… Беларус ёсць беларус. Нас усюды любяць, не ведаю чаму. Можа, таму што немцы першых патапталі ў гады вайны, ці мы проста добрыя людзі. Дзе б ні быў, калі кажаш, што з Беларусі, то ўсё…
1991 год. Ташкент. Таксіст вязе праз увесь горад на ўскраіну ў Дом творчасці пісьменнікаў. Даведаўшыся, адкуль я, сказаў, што з беларусаў грошы не бярэ. Мяне гэта здзівіла. Аказалася, што ён служыў дзесьці пад Баранавічамі.
У арміі, калі трапіў на касмадром Байканур, прывялі мяне на ўзгадненне да начальніка палітычнага аддзела. Сядзіць такі прыгожы генерал-маёр з зоркай Героя Савецкага Саюза. А я быў малодшым сяржантам. «Адкуль вы, таварыш сяржант?» – «З Беларусі!» – «З Беларусі? Афармляйце! Служы!» А ён «героя» атрымаў за вызваленне Віцебска. Казаў, што беларус – добры чалавек і працаўнік.

? На юбілейнай хвалі не магу не спытаць: былі камсамольцам?
– Так. Памятаю, як у 1961 годзе прымалі ў школе: пратапілі лазню, памылі нас – усё на вышэйшым узроўні. У 10–11 класах нават быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Праводзіў мерапрыемствы, рыхтаваў сходы. Адтуль і гаварыць навучыўся. (Смяецца.) А вось меншага сына не прынялі ў камсамол, бо дрэнна паводзіў сябе ў школе. Зараз кажа, што і не хацеў.
І ў арміі мяне ўзялі інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце. Касманаўтам газеты насіў, займаўся камсамольскай справай. Да гэтага працаваў карэспандэнтам у газеце, у Мінск не паступіў завочна, хоць адзін напісаў на пяць сачыненне на вольную тэму. А гісторыю на тры здаў. Зараз лічу: што ні робіцца, усё да лепшага. Свет пабачыў і жаніўся ўдала, з Урала жонка. Памятаю выпадак: яна цяжарная была, працавала ў невялікай бібліятэцы. Прыходзіць да яе мясцовы хлопец Шура, яго жонка адзіная чытала. Ён такі добры-добры быў! Працавіты, але любіў выпіць. Прыходзіць і кажа: «Ты, сібірская баба, каб маёй больш кніг не давала чытаць! Начытаецца, тады як пачне граматна ругаць, што не ведаю, як адказваць».

? Якімі новымі творчымі праектамі здзіўляеце чытачоў і гледачоў?
– Зараз у Гомелі выходзіць новая кніга «Жыццёвінкі». Пісаў яе больш за 10 гадоў. Там будзе 110 жыццёвінак. Дарэчы, іх рэгулярна друкуюць ў газеце «Звязда». Людзі цёпла адклікаюцца, нават лісты шлюць. Я прыйшоў да высновы, што можна кароценька ўсё ёмка выкласці. Навошта адрываць чытача, адымаць яго час. Лічу, што зараз раманы выходзяць з моды, на захадзе іх ужо няма. Жонка толькі любоўныя чытае.
Яшчэ Году малой радзімы прысвяціў монаспектакль «Клямка». Пра людзей, якія трымаліся за дзвярную клямку ў Гуце. Маці ўжо няма, але калі я бяруся за клямку, адчуваю яе цеплыню…

? Часта ў творах апісваеце малую радзіму, сяброў, суседзяў?
– Канешне! Характары сустракаюцца. Калі ў Магілёве паставілі першы спектакль «Сівы бусел», цётка з маці прыехалі на прэм’еру. Сядзяць і плачуць – па словах, прывычках яны пазналі дзеда Якава, свайго бацьку. Я нават назвы вёсак у творах захоўваю: Гута, Хатоўня, Журавічы, Ільіч, Званец, Шапчыцы, Доўск… А бываюць і супадзенні. Аднойчы ў жлобінскай газеце надрукавалі гумарэску. Потым рэдактару пазваніў рабочы з завода: «Мяне за што раскрытыкавалі? Я ж болей не п’ю!» Я выдумаў, а з ім такое было ў жыцці, яшчэ і прозвішча супала.
Шмат чаго можна расказваць, пакінем на наступны раз. Цягне сюды. Сёння мала спаў, а настрой добры, нават галава перастала балець – вось што значыць малая радзіма…

З таленавітым земляком сустрэлася
Алена УДАРЦАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.


Поделиться:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.