Пісьменніку Васілю Ткачову – 70! Пахвалі пражыты дзень

Васіль ТКАЧОЎ (на здымку) нарадзіўся ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Вядомы як аўтар шматлікіх п’ес, кніг прозы, у тым ліку для дзяцей, журналіст, публіцыст, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і член Саюза тэатральных дзеячаў, 15 год узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь за творы драматургіі, змешчаныя ў кнізе «Характары», а прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўганараваны за кнігу прозы «Снукер». Таксама з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей, расійскай прэміі імя Баяна і шэрагу іншых. Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна. Адзін з найбольш вядомых прыхільнікаў і арганізатараў стварэння беларускай сталіцы народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна. Жыве ў Гомелі.


? Кім сябе адчуваеце ў першую чаргу: празаікам, драматургам, публіцыстам, журналістам, дзіцячым пісьменнікам, гумарыстам?
– У першую чаргу пісьменнікам. Даражу гэтым званнем. Сумна, прыкра, калі самадзейныя аўтары (ці пачаткоўцы) – графаманы на кожным кроку крыкліва заяўляюць, што яны пісьменнікі. Трэба быць больш сціплымі. А то «сядзіць» на тэлеэкране 20-гадовая дзяўчына, а пад яе выявай – цітры: мадэль, спявачка, пісьменніца… Ці не замнога для адной? Ці не рана? Можна, вядома, не раздражняцца, але яны дэвальвуюць асобу пісьменніка. Аднак нельга не ўлічваць і тое, што ад перабольшвання значэння ўласнай персоны ўсяго адзін крок да недаацэнкі сапраўдных творцаў. Сам я да пісьменніцкага білета ішоў доўга. Былі кнігі, пастаноўкі ў тэатрах. Памыляўся, сумняваўся, спадзяваўся. Нават блізкія часам не разумелі неадольнай цягі да творчасці. Сёння я шчаслівы. Раблю тое, ад чаго добра на сэрцы і ў мяне, і ў маіх чытачоў. Толькі перад чытачом лічу сябе адказным.

? Часта сустракаецеся са сваімі чытачамі?
– Так. Некалі я аб’ехаў усю Гомельшчыну, пабываў у многіх школах. У той год у мяне было больш за 300 сустрэч. Па першай просьбе, а то і сам напрошваюся, спяшаюся на Рагачоўшчыну, на сваю малую радзіму. У мяне, дарэчы, ёсць монаспектакль «Клямка». Паставіць яго дапамог у свой час прафесійны тэатральны рэжысёр Багдан Арлоўскі, які ў розных тэатрах ажыццявіў шэсць спектакляў па маіх п’есах. Дык вось, пра «Клямку»… Я ўзяў клямку са сваёй хаты. Уяўляеце? За яе некалі бралася мама, і калі я трымаюся за клямку, то мне здаецца, што патрымаўся за яе руку і адчуў цеплыню мамінай далоні… Я апавядаю ў гэтым монаспектаклі пра тых людзей, што некалі бывалі ў маёй бацькоўскай хаце. Планую з «Клямкай» пабываць у Рагачове, Быхаве… Там, дзе мае карані.

? Не крыўдна, што драматурга Ткачова адкрылі не там, дзе ён жыве, не ў Гомелі, а ў Магілёве?
– Было трошкі. Супакоіў сябе тым, што ў славян гэта амаль што нацыянальная рыса: сваё недаацэньваць, а перад чужым схіляць калені. Парадокс, вядома, але калі я сваю першую п’есу прынёс у Гомельскі драматычны тэатр, там здзіўлена паціснулі плячыма: хіба ў Гомелі можа хто напісаць п’есу? У Мінску ж казалі: у нас сваіх, братка Васіль, хапае драматургаў. М.Варфаламееў раіў мне наогул перабірацца ў Маскву, казаў прыкладна так: з Гомеля не праб’ешся на сцэну, усе тэатры коса глядзяць на перыферыйных аўтараў. Нават чытаць твае п’есы не стануць. Перажыў, нічога. Але ніколі не схіляўся ні перад кім. І не буду гэтага рабіць. Сёння мае п’есы ставяць тэатры не толькі Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Украіны, Таджыкістана. У фондах беларускага радыё ёсць два спектаклі, якімі я асабліва даражу: «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж». Апош-ні – пра чарнобыльскую бяду, і галоўную ролю ў ім выконвае народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. На рэспубліканскім тэлебачанні запісаны спектакль «Следчы эксперымент» з удзелам народных артыстаў Марыі Захарэвіч, Генадзя Гарбука, Паўла Дубашынскага…
Ды і хіба ж не прыемна, што сваё 70-годдзе сустракаю новымі прэм’ерамі? Так, навагоднюю казку «Храбры кравец» (напісаў яе разам з драматургам з Волагды Уладзімірам Ілюховым, мы сябруем) ставяць адначасова ў нашым Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек і ва Усходне-Казахстанскім рускім драмтэатры, што ў горадзе Усць-Каменагорску. А Магілёўскі драмытычны тэатр рыхтуе спектакль па камедыі «Без Ягора будзе гора» (рэжысёр з Масквы Аляксандр Дольнікаў). Даў дазвол на пастаноўку гэтага твора і ў Рыбінскім драматычным тэатры. Толькі што адбыліся прэм’еры па маіх п’есах-казках у Магілёўскім абласным тэат-ры лялек і ў Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску.
Скажу шчыра: асабліва радуюся, калі спектаклі па маіх п’есах ставяць самадзейныя тэатральныя калектывы. «Народнікі», як называю іх, у год бяруць для пастаноўкі ўсяго адзін твор, доўга яго выбіраюць. Каб не памыліцца. Каб патрапіць у яблычак. І калі выбіраюць цябе, гэта, пагадзіцеся, ацэнка. Згодны? Асабліва запатрабаваны мае драматургічныя творы ў народных тэатрах Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Не кажу ўжо пра Расію і Украіну.

? Хто для вас герой нашага часу?
– Тут я, як кажуць, Амерыкі не адкрыю. Радавы працаўнік, той, хто жыве ў суседнім пад’ездзе, нават на адной лесвічнай пля-цоўцы: чалавек даверлівы, да-сціпны, з лёгкім гумарам. Які не абцяжараны папулісцкай балбатнёй, але ніяк не ўцяміць, чаму так бывае ў жыцці: пакуль адны дакопваюцца да каранёў ісціны, іншыя ўжо і плады здымаюць. Мне цікава аналізаваць характары, паводзіны сваіх аднавяскоўцаў, суайчыннікаў, аднагодкаў, па-ранейшаму цягне да псіхалагізмаў: не што, а як і чаму. У гэтым плане характэрны раман «Дом камуны» (пра адзіны ў Гомелі дом, які перажыў вай-
ну. — Заўв. аўт.).

? Над чым працуеце ў свае 70?
– Творчых планаў шмат – толькі б часу і сіл хапіла. Хочацца стварыць такую п’есу, напісаць такі твор прозы, каб яны сталі нейкім сімвалам часу. А калі азірнуцца, то і зроблена нямала: выдаў 25 кніг, напісаў дзесьці 70 п’ес для дарослых і дзяцей. І амаль што-дня працую над «Жыццёвінкамі». Іх ахвотна друкуюць газета «Звязда» і часопіс «Полымя». Мару некалі выдаць гэтыя карацелькі асобнай кніжкай.

 ? Ваш паўсядзённы дэвіз?
– Пахвалі пражыты дзень. Так я некалі назваў сваю кнігу публіцыстыкі. Так і жыву…

Гутарку вёў Мікола ГУЛЕВІЧ.

P.S. Рэдакцыя газеты «Свабоднае слова» ад імя сваіх чытачоў горача і сардэчна віншуе нашага знакамітага земляка – ганаровага гра-мадзяніна Рагачоўскага раёна са слаўным юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, новых творчых здзяйсненняў, сямейнага шчасця!


Поделиться:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.