25 снежня – Ражство Хрыстова (каталіцкае): «Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся!»

Сардэчна вітаю ўсіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння, калі адзначаецца таямніца Уцелаўлення Сына Божага.
Нараджэнне Хрыста – гэта ўваход бязмежнага Бога ў вобразе малога бездапаможнага дзіцяці ў гісторыю чалавецтва. Ён увайшоў у нашае жыццё, каб дзеля нас перажыць узніклую з-за граху драму адносін чалавека з Богам з мэтай усталявання новых адносін паміж імі. Гэта мог учыніць толькі ўцелаўлёны Сын Божы. Ніхто так не перажыў драму адыходу чалавека ад Бога, як гэта перажыў Хрыстус. Ніхто не мог паўней перажыць драмы вяртання чалавека да Бога, як Ён, які дзеля гэтага ахвяраваў сваё жыццё на дрэве крыжа.
Браты і сёстры!
У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца «дарогай, праўдай і жыццём» (Ян 14, 6). 
Віншую і хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць з намі Божае Нараджэнне. Жадаю ім святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы. Няхай наш супольны спеў «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) напаўняе нашу Айчыну.
Са словамі сардэчнага прывітання і найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць Адвэнт. Няхай ён стане для вас благаслаўлёным часам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага. 
Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць ўсяму свету, бо Сын Божы стаўся чалавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.
Усім вам, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі, суайчыннікі, жадаю ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нара-джэння і на надыходзячы новы 2018 год!

Ксёндз Алег ГРЫГАРОВІЧ,
настаяцель парафii святога Антонiя Падуанскага.

Перепечатка текста и фотографий slova.by запрещена без разрешения редакции.

sv­slova@tut.by


Поделиться:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.