Хатаўнянскай сельскай бібліятэцы – 70 год

Тэматычны вечар “Бібліятэка: гісторыя і сучаснасць” прайшоў у Хатаўнянскай сельскай бібліятэцы. Ён быў прысвечаны знамянальнай даце – 70-годдзю стварэння гэтай установы культуры.

Пісьменнік Васіль ТКАЧОЎ (у цэнтры) выступае на юбілейным вечары  ў Хатаўнянскай бібліятэцы.

Пісьменнік Васіль ТКАЧОЎ (у цэнтры) выступае на юбілейным вечары
ў Хатаўнянскай бібліятэцы.

А бібліятэка дзякуючы шматгадовай добрасумленнай працы бібліятэкара першай катэгорыі Таццяны Лізуновай стала сапраўдным цэнтрам культуры, інфармацыі і адпачынку ў вёсцы. Ініцыятыўны, старанны, умелы работнік культуры, Таццяна Іванаўна працуе ў цесным кантакце з мясцовымі паэтамі, празаікамі, з прафесійнымі пісьменнікамі-землякамі, прапагандуе іх творчасць. Таму і не дзіўна, што павіншаваць бібліятэкара і чытачоў з сур’ёзным юбілеем прыехалі ганаровыя госці: драматург, пісьменнік, публіцыст, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і шматлікіх літаратурных прэмій, наш зямляк Васіль Ткачоў, паэт і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Купрыянчук, паэт, спявак, музыкант, ганаровы дзеяч культуры Рагачоўскага раёна Сяргей Філіпчанка, паэт, мастак, член Міжнароднага саюза пісьменнікаў і работнікаў мастацтваў Міхаіл Міронаў. Яны выступілі перад чытачамі бібліятэкі, расказалі пра сябе і сваю творчасць, разам з чытачамі абмеркавалі літаратурныя творы. А бібліятэцы падарылі свае кнігі з аўтографамі.
Павіншавала з юбілеем і прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемстве ветэран працы, былы намеснік дырэктара Рагачоўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, старшыня ветэранскай арганізацыі бібліятэчных работнікаў Нінэль Падгурская, якая ў свой час унесла вялікі ўклад у развіццё бібліятэчнай справы на Рагачоўшчыне.
Як расказала Таццяна Лізунова, Хатаўнянская бібліятэка была створана ў галодны пасляваенны час, калі краіна яшчэ ляжала ў руінах. Людзі цанілі духоўнае вышэй за матэрыяльнае. Першымі загадчыкамі хаты-чытальні былі Нічыпар Вараб’ёў, Антон Яфрэменка, Даніла Макаранка. Яны праводзілі калектыўныя чытанні кніг і газет, арганізоўвалі канцэрты, прапаноўвалі наведвальнікам гульні ў шашкі, даміно, мелі гармонь. Па меры развіцця бібліятэкі (у 1969 годзе хата-чытальня была пераўтворана ў бібліятэку) праз бібліятэчныя фармуляры прайшлі сотні чытачоў. Створан альбом “Гісторыя бібліятэкі як частка гісторыі вёскі”, ён адлюстроўвае мінулыя падзеі і сённяшні дзень бібліятэкі.
Цяпер кніжны фонд бібліятэкі перавышае 10 тысяч адзінак бібліятэчных дакументаў. Імі карыстаюцца больш як 280 чытачоў, з іх 60 дзяцей. Бібліятэка праводзіць значную работу па патрыятычнаму, духоўна-маральнаму, экалагічнаму выхаванню насельніцтва, па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прыярытэтны напрамак у дзейнасці бібліятэкі – краязнаўчая работа.
— Галоўная наша каштоўнасць – чытачы, — працягвае Таццяна Іванаўна. – Найбольш актыўныя з іх – Аляксандр Мікалаевіч Гарбачоў, Сямён Фёдаравіч Лопухаў, Нэля Сямёнаўна Камісарава, Тамара Кан-станцінаўна Пуськова і многія іншыя. Але ж юныя чытачы – яшчэ больш частыя наведвальнікі бібліятэкі, бо для іх кнігі – гэта захапляючы свет прыгод і цудаў. Лепшым чытачам – дзецям па выніках года Таццяна Іванаўна ўрачыста ўручае спецыяльныя дыпломы і падарункі.
А на святочным мерапрыемстве ў гонар 70-годдзя Хатаўнянскай бібліятэкі многа цёплых слоў і віншаванняў прагучала ў адрас самой Таццяны Лізуновай ад чытачоў, якія таксама дарылі кнігі сваёй любімай сельскай бібліятэцы. І на завяршэнне шаноўная госця – старшыня Рагачоўскай ветэранскай арганізацыі бібліятэчных работнікаў Нінэль Падгурская заклікала ўсіх берагчы кнігі і бібліятэкі – народны здабытак Беларусі.
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота Юрыя ДАНІЛАВА.


Поделиться:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.